Мінскі аўтавакзал "Усходні" аднаўляе працу пасля чатырох гадоў прастою

Мінскі аўтавакзал "Усходні" аднаўляе працу пасля чатырох гадоў прастою

Пасля чатырохгадовай паўзы ў сакавіку 2020-га адновіць працу аўтавакзал "Усходні" ў Мінску. Пра гэта агенцтву "Мінск-Навіны" распавёў намеснік гендырэктара дзяржпрадпрыемства "Мінсктранс" Віктар Тозік.

Па яго словах, маштабны рамонт будынка не патрабаваўся, бо вакзал быў закансерваваны. Дастаткова было касметычных работ.

"Трэба ўлічваць таксама, што пакуль вакзал будзе задзейнічаны толькі на 30%: гэта першы паверх адміністрацыйнага будынка. Набіраецца мінімум службовага персаналу — на пачатковым этапе не больш за восем чалавек. Задзейнічаюць ўсяго тры электронныя табло, бо пакуль сюды будуць прыбываць толькі міжгароднія і міжнародныя аўтобусы "Мінсктранса" магілёўскага напрамку", — патлумачыў Тозік.

Аўтавакзал "Усходні" пабудавалі ў 1983 годзе. Ён дзейнічаў да 1 чэрвеня 2016-га. Пасля адкрыцця новага аўтавакзала "Цэнтральны" ў 2011-м аб'ёмы перавозак "Усходняга" сталі скарачацца: за чатыры гады яны знізіліся амаль утрая. Таму ў 2016 годзе было вырашана закансерваваць будынак.

Цяпер яго працу аднаўляюць, каб там адстойваліся аўтобусы паміж рэйсамі. На тэрыторыі "Цэнтральнага" аўтавакзала месца для гэтага недастаткова. 

Дырэктар ГП "Сталічны транспарт і сувязь" Валерый Шкуратаў дадаў, што на "Усходні" плануецца прыцягнуць прыватнікаў, якія ажыццяўляюць нерэгулярныя міжгароднія перавозкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі