Вы тут

Мінэнерга пракаментавала інцыдэнт на БелАЭС: гэта толькі тэсты

Беларуская АЭС / Еўрарадыё

Міністэрства энергетыкі пракаментавала інцыдэнт на Беларускай АЭС. Паводле прэс-службы ведамства, на першым блоку зрабілі скід пары ў рамках тэставання абсталявання.

"На першым энергаблоку БелАЭС працягваюцца комплексныя выпрабаванні. Падчас аднаго з іх, як гэта і прадугледжвалася праграмай, выраблены скід пары для тэставання сістэм і абсталявання. У выніку выяўленая неабходнасць дадатковай карэкціроўкі працы накрывак шумапаглынальнікаў пары", — гаворыцца ў афіцыйным ТГ-канале ведамства.

У Мінэнерга дадаюць, што выпрабаванні будуць працягвацца ў адпаведнасці з графікам этапных работ. Першы энергаблок цяпер уключаны ў энергасістэму краіны. 

Як распавядала Еўрарадыё, пра магчымае надзвычайнае здарэнне на БелАЭС заявілі эколагі. Па іх звестках, няспраўнасць была выяўленая ў рэзервовай сістэме ахалоджвання рэактара першага энергаблока. Нібыта, падчас выпрабаванняў быў пашкоджаны танкер сістэмы аварыйнага ахалоджвання першага рэактара. 

Запуск першага энергаблока БелАЭС неаднаразова пераносілі. Афіцыйна яго запусцілі 7 лістапада 2020 года, але ўжо 8 лістапада энергаблок быў спынены. Афіцыйная версія — "неабходнасць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання". Неафіцыйна ж паведамлялі, быццам на БелАЭС сапсаваліся трансфарматары напружання. Зноў у сетку першы энергаблок уключылі 19 лістапада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.