Вы тут

Мінчуку з трэцяй групай інваліднасці прысудзілі два гады калоніі

Яўген Курганаў / spring96.org

23 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска асудзіў 32-гадовага палітвязня Яўгена Курганава на два гады калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Прысуд вынес суддзя Алег Каляда. 

Асаблівасцю працэжсу стала тое, адзначае праваабарончы сайт "Вясна", што Яўген Курганаў мае інваліднасць трэцяй групы. 

Згодна з абвінавачаннем, 30 жніўня мінчук удзельнічаў "у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў". У абвінавачанні фігуруе грубае парушэнне грамадскага парадку, відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў у форме". А таксама Яўгену абвінавацілі, што ён перашкаджаў руху грамадскага транспарту: "Знаходзіўся на праезнай частцы ў першых шэрагах пратэстоўцаў, выкрыкваў лозунгі і ажыццяўляў гучныя воплескі рукамі".

Сваю віну Курганаў не прызнаў.

Мужчына расказаў, што 30 жніўня быў у Мінску з сям'ёй — сынам і жонкай. Яны планавалі наведаць парк Горкага. Потым дайшлі да Зыбіцкай, дзе муж і жонка пасварыліся. Пасля гэтага Яўген адзін пайшоў да ГЦ "Галерэя", пабачыў людзей з сімволікай і пайшоў па тратуары. Каля Стэлы ён зняў відэа з калючым дротам, каля Палаца Незалежнасці сфатаграфаваўся на фоне аўтамабіляў "Рубеж", здымкі ў інтэрнэце не публікаваў. 

Абвестку міліцыянтаў пра незаконнасць акцыі ён чуў, але не мог і падумаць, што за мірную акцыю, якая не перарасла ў беспарадкі, будзе такая суровая адказнасць — крымінальная справа. Мужчына заявіў, што не меў пры сабе сімволікі, не выкрыкваў лозунгі, а проста выказваў цікаўнасць. 

Акрамя таго палітвязень распавеў, што на дарогу выйшаў толькі пасля таго, як упэўніўся, што дарога перакрытая "Рубяжом" і яму нічога не пагражае.

Таксама абвінавачанне заявіла, што ў тэлеграм-канале "Аддзел грамадзянскай самааховы Беларусі" 8 верасня быў зарэгістраваны акаўнт "IvanForestHuman", прывязаны да тэлефоннага нумара Курганава. Гэты карыстальнік "пісаў паведамленні з заклікамі да безгвалтоўнага захопу дзяржаўных будынкаў, распавядаў як правільна аформіць паляўнічую ліцэнзію, заклікаў баніць іншых удзельнікаў канала". Абвінавачаны абверг гэта і заявіў, што зарэгістраваны пад сваім імем. Ніякіх доказаў сувязі нумара з яго тэлефонам прад'яўлена не было.

Ад "Мінсктранса" Курганаву выставілі пазоў на 9 481 рубель і 10 капеек. Адвакат запрасіў выклікаць супрацоўніка, які мог бы патлумачыць разлікі. Прадстаўнік арганізацыі юрысконсульт Н. Рыбак адказала, што супрацоўнік, які праводзіў разлікі, цяпер у адпачынку. 

Адвакат Сяргей Сліжык настойваў на тым, што яго падабаронны быў звычайным разявакам, які проста цікавіўся падзеямі на вуліцы.

Тым не менш, суд прысудзіў Курганава да двух гадоў зняволення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.