Вы тут

Мінчанін атрымаў 10 сутак арышту за бел-аранжава-белыя сняжынкі на акне

Крамольныя сняжынкі пасля заўвагі мужчына зняў / TUT.BY, фота носіць ілюстрацыйны характар

Жыхар Мінска атрымаў 10 дзён арышту за сняжынкі на акне сваёй кватэры. Сняжынкі былі ў бел-аранжава-белых колерах, паведамляюць праваабаронцы.

34-гадовага Уладзіміра Палуяна затрымалі 6 траўня каля пад'езда яго дома. Пасля чаго яму прапанавалі падняцца ў кватэру для агляду. Патлумачылі, што прычынай увагі сталі сняжынкі на акне. Уладзімір сняжынкі зняў, але яму тым не менш прапанавалі праехаць у Савецкі РУУС для разбіральніцтва.

У аддзяленні на Палуяна склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. У міліцыі палічылі, што ён зладзіў несанкіянаванае пікетаванне.

Пры гэтым у судзе высветлілася, што супрацоўнікі АБЭЗ, якія затрымлівалі Палуяна, і ўчастковы бачылі, што сняжынкі былі аранжавымі, але "ў пратаколе вырашылі гэта не згадваць".

Замест гэтага запісалі, што Уладзімір Палуян "з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў правёў пікетаванне шляхам размяшчэння на акне сняжынак БЧБ-размалёўкі", чым парушыў закон аб масавых мерапрыемствах.

7 траўня адбыўся суд. Суддзя Марына Фёдарава палічыла, што пікетаванне было, і прызначыла Уладзіміру Палуяну 10 сутак арышту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.