Вы тут

Масква адказала Празе — высылае 20 дыпламатаў

Міністэрства замежных спраў Расіі​ / БЕЛТА

У адказ на высылку 18 расійскіх дыпламатаў з Прагі Расія абвясціла персонамі нон грата 20 супрацоўнікаў амбасады Чэхіі ў Маскве. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце расейскага замежнапалітычнага ведамства.

Напярэдадні ў МЗС Расіі быў выкліканы пасол Чэшскай Рэспублікі ў Расійскай Федэрацыі Віцезслаў Півонька.

"Амбасадару заяўлены рашучы пратэст у сувязі з недружалюбным актам уладаў Чэхіі ў дачыненні да персаналу расійскай дыпмісіі ў Празе", гаворыцца ў паведамленні.

Падчас сустрэчы амбасадару было абвешчана, што 20 супрацоўнікаў чэшскай дыпмісіі ў Маскве абвяшчаюцца "персона нон грата" і "ім загадана да заканчэння дня 19 красавіка 2021 года пакінуць тэрыторыю краіны".

Амбасадару была ўручаная адпаведная нота.

Раней Прага абвясціла аб высылцы 18 расійскіх дыпламатаў. Іх падазраюць у датычнасці да серыі выбухаў на складах баепрыпасаў у 2014 годзе ў вёсцы Врбеціцэ Злінскага краю. Чэшская прэса мяркуе, што выбухі павінны былі перашкодзіць пастаўкам баепрыпасаў ва Украіну, дзе пачыналася вайна на Данбасе.

Акрамя таго, чэшская паліцыя абвясціла ў вышук меркаваных супрацоўнікаў спецслужбаў Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава. У кастрычніку 2014 года яны былі ў Празе, і выязджалі ў Злінскі край. Нагадаем, гэтых жа людзей падазраюць у атручванні былога расійскага разведчыка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ў брытанскім Солсберы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.