Вы тут

Макей: высылка дыпламатаў — адказ на нявыдачу палітэмігрантаў з Польшчы

Уладзімір Макей / Еўрарадыё

Высылка польскіх дыпламатаў з Брэста і Гродна — гэта адказ на тое, што Польшча не выдала палітэмігрантаў. Пра гэта недвухсэнсоўна заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі

Кіраўнік беларускай дыпламатыі заявіў, што не афіцыйны Мінск пайшоў на абвастрэнне адносінаў. 

"Нягледзячы на нашы запыты, звязаныя з дэструктыўнай дзейнасцю шэрагу асоб, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы і некаторых прыбалтыйскіх краін, мы не атрымлівалі такога ж канструктыўнага адказу ад нашых партнёраў. Таму мы былі вымушаныя пайсці на некаторыя рэзкія крокі, звязаныя з высылкай дыпламатаў з Брэста і Гродна",перадае БЕЛТА словы Макея.

Як вядома, Беларусь даслала ў Польшчу запыты на экстрадыцыю журналістаў Сцяпана Пуцілы і Рамана Пратасевіча, якіх у нашай краіне ўнеслі ў спіс тэрарыстаў.

Першапачаткова нагодай для высылкі называлася тое, што ў брэсцкай школе адзначалі дзяраўнае польскае свята — ушаноўвалі "праклятых салдатаў". Так у Польшчы называюць байцоў Арміі Краёвай, якія пасля вайны не склалі зброю, а змагаліся супраць камуністаў. У гэтым святкаванні ў Брэсце прыняў удзел польскі консул.

Макей звязаў гэтае святкаванне з крымінальнымі справамі супраць актывістаў польскай меншасці: "Я не магу наогул успрыняць, як можна праводзіць у школе мерапрыемствы, звязаныя з гераізацыяй "праклятых салдатаў", гэта мерапрыемствы, якія ідуць насуперак нашаму заканадаўству. Можа, у іх яны лічацца героямі, але ў нас яны лічацца злачынцамі і павінны несці адпаведнае пакаранне. Таму крымінальныя справы, якія заведзеныя супраць асобных грамадзян Беларусі, маюць канкрэтныя прычыны, і ёсць канкрэтныя доказы іх правапарушэнняў і злачынстваў. Тое, што нашы партнёры спрабуюць прадставіць у некаторых міжнародных арганізацыях, на знешнім контуры як прыгнёт польскай меншасці ў Беларусі, абсалютна не адпавядае рэчаіснасці".

Напрыканцы сакавіка пад варту былі ўзятыя Анжаліка Борыс, Анджэй Пачобут, Марыя Цішкоўская, Ганна Панішава, Ірэна Бярнацкая. На іх пачалі крымінальную справу за распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці, а таксама за, нібыта, рэабілітацыю нацызму. Праваабаронцы прызналі затрыманых актывістаў палітвязнямі.

Макей заявіў, што Беларусь зацікаўленая гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння з Польшчай. Па яго словах, на нарадзе ў Лукашэнкі абмяркоўвалася пытанне "магчымага вяртання амбасадараў у нашыя краіны". Але для гэтага, маўляў, павінны быць сур'ёзныя падставы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.