Макей: Канада не дала візы беларускім экспертам для пасяджэння па Ryanair

Уладзімір Макей / Еўрарадыё
Уладзімір Макей / Еўрарадыё

Канада не выдала візы беларускай экспертам, якія хацелі трапіць на пасяджэнне Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІСАО) па інцыдэнце з самалётам Ryanair. Пра гэта ў інтэрв'ю РІА "Новости" паведаміў кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей.

"Літаральна праз некалькі дзён павінна адбыцца пасяджэнне ІСАО, на якім будзе разглядацца гэты даклад. Мы былі гатовыя накіраваць туды нашу дэлегацыю, дэлегацыю спецыялістаў, якія хацелі б, можа, не аспрэчыць, але прывесці свае аргументы. І можа быць, яны былі б успрынятыя кіраўніцтвам гэтай арганізацыі", — заявіў міністр.

Адмову ў выдачы візаў ён назваў палітызацыяй сітуацыі вакол дакладу. Па словах Макея, гэта сведчыць "пра відавочна сфабрыкаваныя рэчы, сфабрыкаваныя дакументы, сфабрыкаваны даклад".

У траўні 2021 года самалёт авіякампаніі Ryanair рэйсам з Афін у Вільню быў вымушаны экстранна сесці ў мінскім аэрапорце. Беларускія ўлады заявілі, быццам на борце знаходзіцца выбуховае прыстасаванне, але гэтая інфаомацыя не пацвердзілася. Скарыстаўшыся пасадкай самалёта, з яго борта беларускі сілавікі ссадзілі блогера Рамана Пратасевіча, аднаго з заснавальнікаў тэлеграм-канала Nexta, і адміністратарку тэлеграм-канала "Чорная кніга Беларусі" Сафію Сапега.

У афіцыйным дакладзе ІСАО сцвярджаецца, што паведамленне пра бомбу на борце самалёта Ryanair было "заведама ілжывым". Дыспетчары перадалі гэтыя звесткі лётчыкам па ўказанні спецслужбаў Беларусі.

Мінскім уладам даклад не спадабаўся: яны скардзіліся на яго нават у ААН.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі