Лукашэнка падпісаў указ аб аграсядзібах

Аграсядзіба "Бярэжжа" ў Браслаўскім раёне / planetabelarus.by

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ "Аб развіцці аграэкатурызму". БЕЛТА піша, што дакумент "удакладняе" патрабаванні да аграсядзібаў. Цяпер, каб мець статус аграсядзібы, у комплексе не павінна быць больш за 10 жылых пакояў для гасцей. Акрамя таго, уласнікі бізнесу мусяць быць гатовыя прапанаваць гасцям не менш за дзве паслугі. Гэта могуць быць і майстар-класы, звязаныя з традыцыйнымі рамёствамі і традыцыямі рэгіёна.

Акрамя таго, у дакуменце прапісаная адказнасць уладальнікаў аграэкасядзіб за парушэнне (у тым ліку з боку наведвальнікаў) грамадскага парадку або спакою грамадзян. Уведзеныя абмежаванні на правядзенне прэзентацый, юбілеяў і вяселляў, калі побач ёсць жылыя дамы.

Уласнікі сядзібаў, у тым ліку дзейных, з гэтага часу павінны атрымліваць дазвол у райвыканкамах на працу. Гаспадары працоўных аб'ектаў мусяць зрабіць гэта да 1 ліпеня 2023 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.