Лукашэнка адхрысціўся ад уласнай ідэі скараціць дэкрэтны адпачынак

Аляксандр Лукашэнка / прэс-служба Крамля​
Аляксандр Лукашэнка / прэс-служба Крамля​

Тэма магчымага скарачэння дэкрэтнага адпачынку абмяркоўваецца ў Беларусі ўжо месяц. Аляксандр Лукашэнка выказаўся па ёй 31 снежня падчас наведвання РНПЦ дзіцячай анкалогіі.

— Што тычыцца дзяцей, то наўрад мы на гэта пойдзем, таму што самая вялікая праблема ў краіне — дэмаграфічная. Таму усё для дзяцей... — заявіў ён. — Гэта будзе катастрофа, калі мы не будзем прыбаўляць з насельніцтвам. Таму не думаю, што мы будзем чапаць льготы, звязаныя з дзецьмі. А пакуль пра гэта гаворкі не было дакладна — дэкрэтны адпачынак прыбраць, скараціць.

Хоць Лукашэнка і кажа, што "гаворкі не было", ён сам падымаў тэму магчымага скарачэння дэкрэта. 20 лістапада яго прэс-служба паведамляла пра тое, што "кіраўнік дзяржавы лічыць важным абмеркаваць таксама магчымасць скарачэння адпачынку па доглядзе дзіцяці, які ў Беларусі цяпер доўжыцца да дасягнення дзецьмі трох гадоў і з'яўляецца адным з самых працяглых у свеце".

Потым пацвярджалі абмеркаванне гэтага пытання (і нават агітавалі за скарачэнне дэкрэта) многія топ-чыноўнікі, уключаючы міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыну Касцевіч і кіраўніка ўрада Рамана Галоўчанку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі