Вы тут

Лідары G7: прыкладзем усе намаганні, каб прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці

Аляксандр Лукашэнка спрабуе схавацца пад парасонам / president.gov.by

Лідары G7 па выніках анлайн-саміта, які прайшоў у нядзелю, прынялі афіцыйную заяву. Яна змешчана на сайце Белага Дома. У ёй згадваецца не толькі Уладзімір Пуцін, але і Аляксандр Лукашэнка, чым апошні безумоўна будзе засмучаны.

"Ні пры якіх абставінах цывільныя асобы і тыя, хто не прымае актыўнага ўдзелу ў баявых дзеяннях, не могуць быць законнымі мэтамі, — гаворыцца ў заяве G7. — Мы прыкладзем усе намаганні, каб прыцягнуць прэзідэнта [Расіі Уладзіміра] Пуціна, а таксама арганізатараў і памагатых гэтай агрэсіі, уключаючы рэжым [Аляксандра] Лукашэнкі ў Беларусі, да адказнасці за іх дзеянні ў адпаведнасці з міжнародным правам".

Таксама падкрэсліваецца, што з гэтай мэтай краіны G7 будуць "працягваць працаваць разам з... саюзнікамі і партнёрамі па ўсім свеце". Украіне абяцаецца далейшая дапамога ў абароне і аднаўленні. Будзе праводзіцца праца па расследаванні і зборы доказаў агрэсіі РФ. Краіны G7 збіраюцца паэтапна адмаўляцца ад расійскай нафты.

G7 аб'ядноўвае Вялікабрытанію, Германію, Італію, Францыю, ЗША, Канаду і Японію. У нарадзе традыцыйна ўдзельнічала кіраўніцтва Еўрасаюза. На яе быў запрошаны ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.