Лаўроў: Расія — за дыялог паміж урадам Беларусі і грамадска-палітычнымі сіламі

Лаўроў: Расія — за дыялог паміж урадам Беларусі і грамадска-палітычнымі сіламі

У Беларусі ёсць магчымасць пачаць дыялог паміж урадам і грамадска-палітычнымі сіламі, заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў.

"Мы паслядоўна выступаем за тое, каб у Беларусі быў распачаты дыялог паміж урадам і прадстаўнікамі шырокіх грамадскіх колаў, прафсаюзаў, студэнцтва і розных палітычных грамадскіх рухаў. Па-ранейшаму лічым, што магчымасць для таго, каб была створана агульная платформа для такога роду дыялогу, існуе", — перадае ТАСС яго словы.

Гэта мала разыходзіцца з заявамі Аляксандра Лукашэнкі, які казаў, што ён не пойдзе на перамовы з Каардынацыйнай радай, але гатовы весці перамовы з працоўнымі калектывамі.

Таксама Лаўроў падтрымаў прапанову Лукашэнкі наконт канстытуцыйнай рэформы. Па яго словах, трэба, каб у гэтай рэформе ўдзельнічалі ўсе слаі грамадства. "Я перакананы, што гэта будзе адпавядаць інтарэсам беларускага народа, беларускай дзяржавы. Але калі гэта будзе ў інтарэсах беларусаў, то гэта будзе і ў інтарэсах РФ", — дадаў расійскі чыноўнік.

Адзначым, што сутнасць гэтай рэформы нідзе і нікім публічна не агучвалася.

Наконт рэформы Канстытуцыі Аляксандр Лукашэнка заяўляе ўжо не першы год. Ён нават казаў, што яму прапаноўвалі некалькі варыянтаў рэформы, але яму яны не спадабаліся. 

На сустрэчы з расійскім журналістамі 8 верасня Лукашэнка не выключыў, што пасля канстытуцыйнай рэформы пройдуць датэрміновыя прэзідэнцкія выбары.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі