Крымінальную справу Франка Вячоркі перадалі ў суд

Франак Вячорка

Франак Вячорка / instagram.com/franakviacorka

Генеральная пракуратура Беларусі паведаміла, што накіравала ў суд крымінальную справу супраць Франка Вячоркі — дарадцы Святланы Ціханоўскай. У паведамленні ведамства гаворыцца, што Вячорку абвінавачваюць паводле 9 артыкулаў КК:

* здрада дзяржаве;
* змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады;
* публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, здзяйснення акта тэрарызму і іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
* дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
* стварэнне і кіраўніцтва "экстрэмісцкім" фарміраваннем, у тым ліку паўторна;
* распальванне іншай сацыяльнай варожасці і разладу;
* арганізацыя масавых беспарадкаў;
* арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак;
* паклёп у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі.

У паведамленні пракуратуры гаворыцца, што "вывучэнне матэрыялаў справы паказала, што папярэдняе расследаванне па ёй праведзенае ўсебакова, поўна і аб'ектыўна, супрацьпраўныя дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя дакладна". У пракуратуры мяркуюць, што абвінавачанне супраць Вячоркі абгрунтаванае доказамі. Паведамляецца таксама, што фігуранту выстаўлены пазоў аб кампенсацыі маёмаснай шкоды, нанесенай дзяржаве. Гаворка ідзе пра суму ў памеры больш за 30,9 млн рублёў. Гэтую шкоду, паводле версіі пазоўніка, Вячорка нанёс "супрацьпраўнымі дзеяннямі".

Нагадаем, з лета 2022 года — пасля ўнясення змяненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс — у Беларусі сталі магчымыя завочныя суды. Спецыяльную вытворчасць адкрываюць, калі абвінавачаны знаходзіцца замежжам і дамагчыся яго выдачы немагчыма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі