Колькасць сэканд-хэндаў у Беларусі павялічылася за некалькі гадоў у два разы

Крама сэканд-хэнд / yandex.by​

У Беларусі за апошнія гады колькасць крамаў сэканд-хэнд павялічылася ў два разы. Пра гэта заявіла ў эфіры тэлеканала СТБ намесніца міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ніна Емяльянава.

"Іх ужо амаль 1,5 тысячы. Яны не раслі б сямімільнымі крокамі, калі б не былі запатрабаваныя ў насельніцтва", — прызнала намесніца міністра. У МАРГ разумеюць, што сэканд-хэнды на сёння сталі сур'ёзнымі канкурэнтамі беларускай лёгкай прамысловасці.

Нагадаем, раней беларускія ўлады распачалі шэраг крокаў, каб звузіць магчымасці сэканд-хэндаў. Так, у іх забаранілі прадаваць новыя рэчы. Дзякуючы гэтаму, расказала Емяльянава, імпарт адзення і абутку ў студзені-траўні 2022 года скараціўся больш чым на 25%. Намесніца кіраўніка МАРГ казала таксама пра стокавыя крамы, дзе па зніжаных цэнах прадаюцца старыя калекцыі вядомых брэндаў. Але яны вялікай папулярнасці ў краіне не маюць. Іх усяго 90.

"Іх колькасць павялічылася, але 90 аб'ектаў для краіны — гэта зусім маленькая лічба", — адзначыла намесніца кіраўніка МАРГ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.