Вы тут

Кітайскі ўзасос: расійская прапаганда пачала ліслівіць Паднябеснай

Салдаты Народна-вызваленчага войска Кітая ў час парада Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве / Reuters

Калумністы пракрамлёўскіх выданняў на ўсю моц адпрацоўваюць тэму вялікага "сяброўства" Расіі і Кітая. Тут табе і сумеснае аб'яднанне для "паскарэння заняпаду Захаду", і сумеснае сяброўства з Іранам. А чаго вартая "м'янманская правакацыя" супраць Кітая!

Увогуле, Расія заўсёды і ўсюды сябравала з Кітаем. І вельмі хоча працягваць сябраваць. Гэта лёгка зразумець: хаўруснікаў у Пуціна застаецца ўсё менш і менш, а санкцыі становяцца ўсё больш і больш жорсткімі. Еўрарадыё прачытала ўсё за вас і вылучыла галоўныя наратывы.

 

Разам да "заняпаду Захаду"

22 сакавіка ў Бруселі прайшла сустрэча кіраўнікоў МЗС краін ЕС, дзе было прынята рашэнне ўвесці абмежавальныя меры ў дачыненні да грамадзян Расіі, Кітая, КНДР, Лівіі і Судана. Расійская прапаганда заявіла, што "само сабой, праблема зусім не ў "правах чалавека", а ЕС ім проста зайздросціць, бо яны "новыя цэнтры эканамічнага росту, фінансавай магутнасці і палітычнага ўплыву".

Так піша Вольга Сухараўская, якая калісьці працавала ва ўкраінскім МЗС. Пасля Рэвалюцыі годнасці ў 2014 годзе яна спешна пакінула Украіну і цяпер піша тэксты для такіх выданняў, як Sputnik. Яна пазіцыянуе сябе як "экспертку па знешняй палітыцы і міжнародных адносінах".

Салдаты Народна-вызваленчага войска Кітая ў час парада Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве / Reuters

На яе думку, санкцыі ЕС і ЗША — толькі частка палітыкі стрымлівання Расіі і Кітая па блакаванні іх эканамічнага, тэхналагічнага і ваеннага патэнцыялу. Сухараўская цытуе кіраўніка расійскага МЗС Сяргея Лаўрова: "Аб'ектыўным тэндэнцыям станаўлення сапраўды шматпалярнага, дэмакратычнага свету спрабуюць перашкодзіць некаторыя заходнія дзяржавы на чале з ЗША, якія хочуць любой цаной захаваць сваё дамінаванне ў глабальнай эканоміцы і міжнароднай палітыцы, навязаць усім і ўся ўсюды сваю волю і патрабаванні".

Далей публіцыстка расказвае, чаму "ў іх нічога не атрымаецца". Бо "аб'яднаная моц Масквы і Пекіна цалкам здольная сцерці еўрапейскую і амерыканскую эканомікі". Калі ўлады Расіі і Кітая пойдуць на аб'яднанне, то змогуць "паскорыць працэс "заняпаду Захаду".

Для гэтага прапануецца перастаць пастаўляць тытан, паладый, суперпрэсы, цяжкія верталёты, а таксама абмежаваць праграмы касмічнага супрацоўніцтва з краінамі ЕС. А Паднябесная, якая ёсць лідарам па вытворчасці літыю, здольная цалкам пахаваць планы па пераходзе Еўропы на электрамабілі. Вось такія рычагі ўплыву.

 

Узаемадапаўняючы адно аднаго

Расія рада супрацоўніцтву Кітая з Іранам. Чаму? "Кітай будзе адыгрываць усё большую ролю ў якасці гандлёвага і інвестыцыйнага партнёра для рэгіёна, а Расія — выступаць у якасці палітычнага гаранта (і арбітра) і ваеннага партнёра, які дазваляе арабам аслабіць залежнасць ад ЗША", — мяркуе калумніст Sputnik Пётр Акопаў.

А як жа ўласныя пазіцыі Расіі ў Іране? Кітайцы больш не геапалітычныя сапернікі расіян на Блізкім Усходзе? Акопаў упэўнены: сяброўства і жаданне міру ў праблемным рэгіёне — важнейшыя:

"Іран — ключавая краіна для ўсяго Вялікага Блізкага Усходу, і менавіта Расія і Кітай зацікаўленыя ў змякчэнні супрацьстаяння і прымірэнні паміж Іранам і яго арабскімі суседзямі. У новым дзесяцігоддзі ўплыў Штатаў на Блізкім Усходзе будзе падаць, а Расія і Кітай, наадварот, працягнуць набіраць ачкі і ўзмацняць свае пазіцыі ў рэгіёне, узаемадапаўняючы адно аднаго".

 

Уладзімір Пуцін і Сі Цзіньпін / Reuters

Правакацыя ў М'янме

Расійская прапаганда не абышла бокам захоп улады вайскоўцамі ў М'янме. Нагадаем, хунта скінула ўрад, захапіла ўладу ў краіне і пачала сілай душыць пратэсты: паводле звестак Асацыяцыі дапамогі палітычным зняволеным, за час супрацьстаяння загінулі 618 дэманстрантаў. Для расійскай прапаганды гэта ўсё — правакацыя супраць Кітая, які інвестуе ў М'янму.

"Такім чынам, расстрэл мірных жыхароў 27 сакавіка, у Дзень войска. Загінула ці то 114, ці то 50, ці то 140 чалавек, сярод якіх дзеці. Верыць ці не верыць?" — задаецца пытаннем калумніст Sputnik Дзмітрый Косыраў. А далей задаецца пытаннямі: а чаго гэта ў натоўпе былі дзеці і навошта пратэстоўцы "нападаюць на добра ўзброеных вайскоўцаў", а потым "хаваюцца ў натоўпе"? Гэта, вядома, адразу мяняе справу, бо калі стаіш у натоўпе нахабна, з выклікам і мэтанакіравана, з асаблівым цынізмам, з мэтай выказвання сваёй грамадска-палітычнай пазіцыі — страляць можна на паражэнне.

Калумніста здзіўляе "добра арганізаваны супраціў у ключавых гарадах краіны". Ён як бы падштурхоўвае да высновы, што ўсё спланавана. Хіба гэта стыхійны пратэст? Не! Нечая зладжаная аперацыя.

Пратэстоўцы ў М'янме спальваюць сцяг КНР / Reuters

Далей Косыраў разважае пра тое, ці можна назваць вайскоўцаў, якія захапілі ўладу, хунтай. Бо "вайскоўцы ўсяго толькі выкарысталі сваё канстытуцыйнае права зняць урад, калі палітычная сістэма пайшла ўразнос. А яна туды пайшла". Пратэсты ж, якія пачаліся пасля перавароту, гэта правакацыя, каб разарваць адносіны М'янмы з Кітаем!

І тут пачынаюцца аргументы, да болю знаёмыя беларусам. Тут табе і тэрарызм, і кпіны з мірных пратэстоўцаў, і перакладанне на пратэстоўцаў адказнасці за стан эканомікі. "Гэта, вядома, таксама тэрарызм. [...] Вы настолькі любіце дэмакратыю, што гатовыя падарваць эканамічны патэнцыял уласнай краіны, толькі б расхістаць рэжым і пазбавіць яго падтрымкі звонку. А што да рабочых, дык няхай выходзяць на вуліцы і з голымі рукамі кідаюцца на вайскоўцаў — з іх вінтоўкамі і грузавікамі. Дэмакратыя — штука такая, патрабуе ахвяр".

Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.