Вы тут

Кіраўнік МЗС Украіны расказаў, якімі будуць санкцыі супраць кіраўнікоў Беларусі

Дзмітрый Кулеба / Reuters

Украіна гатовая далучыцца да еўрапейскіх санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва, але насцярожана ставіцца да эканамічных санкцыяў. Пра гэта міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба расказаў у інтэрв'ю Бі-Бі-Сі.

2 кастрычніка Еўрасаюз увёў санкцыі супраць 40 прадстаўнікоў Беларусі — 28 сілавікоў і 12 чалавек, звязаных з Цэнтрвыбаркамам. Ім забаронены ўезд у краіны ЕС, а іх актывы павінны быць замарожаныя. 

Кіраўнік украінскай дыпламатыі лічыць, што Украіна мусіць быць салідарнай з Еўрасаюзам у стаўленні да Беларусі, бо падтрымлівае прынцыпы ЕС. 

Па яго словах, гаворка ідзе пра паслядоўнасць у палітыцы і салідарнасць: "Украіна лічыць, што ў гэтай сітуацыі важна дзейнічаць адзіным фронтам. Калі мы ўжо з'яўляемся краінай Захаду, калі мы падтрымліваем пазіцыю ЕС, то нам трэба дзейнічаць сумесна з Еўрапейскім Саюзам у гэтых пытаннях. Тут вельмі важнае пытанне салідарнасці".

Кулеба не бачыць падставаў разрываць дыпламатычныя адносіны або паніжаць дыпламатычнае прадстаўніцтва да ўзроўню часовага паверанага. "Але я бачу падставы, і вы ведаеце, што гэта афіцыйная пазіцыя Украіны, згарнуць афіцыйныя кантакты, пакінуўшы акно камунікацыі ў МЗС", — дадае міністр.

Пры гэтым ён лічыць, што санкцыі супраць прадстаўнікоў Беларусі не павінныя быць эканамічнымі, каб не падштурхнуць беларускую эканоміку ў рукі Расіі. "Трэба будзе глядзець, што будзе з беларускай эканомікай у бліжэйшыя месяцы з пункту гледжання расійскіх грошай і расійскага кантролю ў гэтым бізнэсе. Вось тады трэба сядаць і аналізаваць кожны буйны кантракт, і глядзець, ці не з'явіліся дадатковыя рызыкі, таму што ў нас ёсць высокае ўзаемадзеянне і ў ваенна-гандлёвым сектары. Але пакуль не лічу, што ўвядзенне гандлёвага эмбарга з боку Беларусі ці Украіны, было б мудрым крокам", — тлумачыць кіраўнік украінскай дыпламатыі.

Ён кажа, што крыўдна назіраць умацаванне пазіцыяў Расіі ў Беларусі, бо гэта нясе пагрозу для нацыянальнай бяспекі Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.