Кіраўнік МЗС Расіі выказаўся пра Каардынацыйную раду і сітуацыю ў Беларусі

Сяргей Лаўроў / kommersant.ru
Сяргей Лаўроў / kommersant.ru

Расійскі МЗС расказаў пра тое, як прайшла гутарка міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова з першым намеснікам дзяржсакратара ЗША Стывенам Біганам. На сустрэчы яны абмяркоўвалі сітуацыю ў Беларусі.

Паводле слоў Лаўрова, ён пачуў "пацвярджэнне пазіцыі ЗША аб тым, што яны не зацікаўленыя ў стварэнні штучнага крызісу вакол сітуацыі ў Беларусі":

Яны падкрэслівалі сваю зацікаўленасць у тым, каб усе знешнія гульцы спрыялі наладжванню дыялогу паміж уладай і апазіцыяй. Мы ў адказ сказалі, што падтрымліваем такі падыход. Але мы не лічым магчымым спрабаваць звонку навязваць пасярэднікаў беларускаму кіраўніцтву і беларускаму народу, будзь тое АБСЕ, ЕС, нейкая асобная суседняя краіна. Беларусы — мудры народ, яны самі змогуць вызначыць тыя формы, у якіх можа быць арганізаваны агульнанацыянальны дыялог, і дзе ён дапаможа пераадолець узніклыя цяпер складанасці, — распавядае Сяргей Лаўроў. 

Кіраўнік МЗС Расіі таксама пракаментаваў з'яўленне ў Беларусі Каардынацыйнай рады, якую ўзначальвае экс-кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская. Ён лічыць важным даць беларусам магчымасць вызначыцца, хто менавіта будзе ўдзельнікамі агульнанацыянальнага дыялогу. 

Мы прыцягнулі ўвагу намесніка дзяржсакратара ЗША Бігана да таго, што ўнутры Беларусі, уключаючы апазіцыйныя колы, нямала пытанняў аб тым, наколькі легітымна была гэтая Каардынацыйная рада сфармаваная. Многія яе члены постфактум даведаліся аб тым, што іх туды ўключылі. З імі ніхто не раіўся. Ёсць ужо прыклады, калі уключаныя ў склад гэтай рады персанажы выйшлі з яе. Нам бы вельмі хацелася зразумець, якія ўсё ж палітычныя крытэрыі, на якіх гэтая Каардынацыйная рада хоча функцыянаваць. Было шмат супярэчлівых звестак аб тым, якая праграма ў рады.

На сайце С. Г. Ціханоўскай з'яўляліся вельмі супярэчлівыя мэты, якія яна пераследуе. Потым гэтыя мэты знікалі на сайце. Ну і склад персаналій, якія ў гэтай радзе прадстаўлены, выклікае пытанні ў дачыненні да таго, як яны бачаць сувязі з Расійскай Федэрацыяй, — каментуе Лаўроў.

Пры гэтым Лаўроў упэўнены, што ў Беларусі няма аб'ектыўных прычын для распальвання антырасійскіх настрояў. Кіраўнік МЗС РФ заклікаў намесніка дзяржсакратара ЗША да таго, каб пазітыўныя тэндэнцыі (мірныя пратэсты, якія не правакуюць на сілавыя дзеянні праваахоўнікаў) заходнімі краінамі падтрымліваліся:

Заклік наш заключаўся ў тым, каб гэтыя краіны, перш за ўсё, ЗША і лідары Еўрасаюза, звярнулі ўвагу на тыя колы, якія, скажам, у Польшчы, Літве ўсяляк выказваюць незадаволенасць тым, што сітуацыя ў Беларусі нармалізуецца і спрабуюць справакаваць гвалтоўныя дзеянні, каб выклікаць адпаведную рэакцыю сілавікоў. Мы лічым гэта вельмі небяспечным, і я магу сказаць, што спадар С. Біган, па-мойму, пачуў нашы вельмі сур'ёзныя засцярогі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі