Вы тут

Катэдж, які пабудаваў экс-старшыня КДБ, здаюць у арэнду за $3500

Фота: realt.by

Элітны катэдж у Драздах, пабудаваны былым кіраўніком КДБ Сцяпанам Сухарэнкам, здаюць у арэнду за $3500 на месяц. Абвестка пра гэта з’явілася на сайтах нерухомасці ў пачатку лістапада. Уласнік здае дом на працяглы тэрмін.

Катэдж размяшчаецца побач з лесам, возерам і ракой у маляўнічым месцы. Там ёсць усе сучасныя выгоды, а прысядзібную тэрыторыю ўпарадкоўвалі ландшафтныя дызайнеры. Па суседстве размяшчаюцца сядзібы экс-міністра аховы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіміра Цалко, экс-кіраўніка Мінскай вобласці Барыса Батуры. Таксама побач стаяць катэджы Сяргея Ткачова, былога эканамічнага дарадцы Аляксандра Лукашэнкі, і экс-міністра замежных спраў Сяргея Мартынава.

Як даведалася “Наша Ніва”, дом цяпер знаходзіцца ва ўласнасці дачкі былога кіраўніка КДБ — Сцяпан Сухарэнка перапісаў на яе маёмасць два гады таму. Ад каментароў жанчына адмовілася.

Надзел пад будаўніцтва Сухарэнка атрымліваў так, як і астатнія чыноўнікі — у падарунак ад Аляксандра Лукашэнкі. Калі дом узводзіўся, шэфа КДБ адправілі ў адстаўку і накіравалі амбасадарам у Арменію.

Сцяпан Сухарэнка ачольваў КДБ у 2005-2007 гадах. Менавіта ён у 2006 годзе перад прэзідэнцкімі выбарамі агучваў гісторыю пра “дохлых пацукоў”.

У 2008-2015 гадах ён быў амбасадарам у Арменіі, затым працаваў у Банку развіцця, адкуль сышоў літаральна колькі месяцаў таму.