Вы тут

Карпенка выказаўся аб забароне для бацькоў умешвацца ў навучальны працэс

Ігар Карпенка / sb.by

Бацькі маюць права атрымліваць інфармацыю аб тым, як і чаму вучаць іх дзяцей. Тая частка новага Кодэкса аб адукацыі, якая тычыцца ходу адукацыйнага працэсу і ўзаемадзеяння з бацькамі, засталася некранутай, заявіў у эфіры тэлеканала СТБ міністр адукацыі Ігар Карпенка.

"Адзінае, што мы дадалі: парадак прадастаўлення гэтай інфармацыі вызначае ўстанова адукацыі", — сказаў міністр.

Па яго словах, гэта ўдакладненне выглядае цалкам лагічным. Таму што калі бацькі ўсіх дзяцей адначасова прыйдуць да настаўніка ці дырэктара з пытаннямі аб поспехах або праблемах дзіцяці, у школе "будзе калапс".

"Вядома, установа адукацыі павінна вызначыць парадак, як гэта робіцца. І гэта натуральна, таму што бацькі — такія ж удзельнікі адукацыйнага працэсу і, бясспрэчна, без бацькоў немагчыма вырашаць многія рэчы", — адзначыў Карпенка.

А навіну, якая абурыла бацькоў, аб тым, што новы кодэкс пазбавіць іх права ўдзельнічаць у навучальным працэсе, міністр назваў "незразумела чыімі інтэрпрэтацыямі".

7 красавіка Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні абноўлены Кодэкс аб адукацыі. Дакумент каментаваў старшыня профільнай камісіі палаты Ігар Марзалюк, а міністэрства адукацыі апублікавала ў сябе ў телеграм гэты каментар. Дэпутат, у прыватнасці, сказаў, што "выразна агаворана ў заканадаўстве, што бацькі і законныя прадстаўнікі дзяцей не маюць права ўмешвацца ў навучальны працэс. За гэтымі пытаннямі, інфармацыяй яны абавязаныя будуць звяртацца непасрэдна ва ўстанову адукацыі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.