Калякін: Мы гатовыя да сур’ёзнай размовы

Еўрарадыё: Ці селі б вы за круглы стол, калі б такая прапанова паступіла і на якіх умовах вы б пагадзіліся?

110829 KaljakinS.mp3

Сяргей Калякін: Увогуле дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо трынаццаць год прапануюць  уладам перайсці да нармальнага дыялогу, сесці за круглы, квадратны ці любы іншы стол, каб абмеркаваць праблемы, якія ёсць у краіне, паслухаць адно аднаго, пакрытыкаваць, штосьці адкінуць, штосьці прыняць. У апазіцыі напрацаваны шырокі спектр прапановаў, як у сацыяльна-эканамічнай сферы, так і ў палітычнай. Таму, калі гэта сапраўды будзе такая рэальная прапанова – я хачу сказаць, што пакуль што яе няма, гэтае выказванне я не разглядаю як рэальнае запрашэнне сесці за круглы стол - калі прапанова паступіць, то безумоўна трэба ў гэтым удельнічаць. Тым больш, яшчэ раз падкрэслю, што у беларускай апазіцыі вельмі шмат сур’ёзных і адказных напрацовак, па ўсім спектры праблем, што сёння існуюць у краіне.

Еўрарадыё: А нейкія папярэднія ўмовы ў вас ёсць?


Сяргей Калякін: Я буду гаварыць за сябе. Нейкія ўмовы можна высоўваць у тым выпадку, калі б мы сядалі за стол перамоваў. Тады каб разумець, што перамовы могуць быць паспяховымі або непаспяховымі можна выстаўляць умовы. А ў дадзеным выпадку у нас ёсць запрашэнне на круглы стол. То бок запрашэнне выказацца ў адкрытай дыскусіі. Як я яе разглядаю – гэта павінна транслявацца ў сродках масавай інфармацыі. Я не думаю, што тут павінны быць нейкія ўмовы. Адзінае, што трэба добра разумець, якая будзе павестка дня, якія праблемы будуць абмяркоўвацца. Ёсць праблемы якія мы сёння бачым важнымі: не толькі адсутнасць валюты, дэфіцыт тавараў, малыя заробкі ці высокія кошты. Ёсць праблемы палітычных вязняў, увогуле праблемы правоў чалавека ў краіне, і ўсё гэта мы хацелі б абмяркоўваць у комплексе, таму што палітычны складнік вельмі моцна ўплывае на тое, што адбываецца сёння ў эканоміцы і ў жыцці людзей. Таму я не думаю, што трэба высоўваць нейкія ўмовы, але трэба перш чым прымаць удзел, запытацца ў арганізатараў: які будзе фармат гэтага круглага стала, які будзе рэгламент, ці дадуць выказацца, ці мы будзем проста дэмакратычнай шырмай, сядзець і слухаць кагосьці, а нам потым прыпішуць, што мы падтрымалі разумнае ці неразумнае рашэнне. То бок вельмі важна зразумець, што гэта будзе за мерапрыемства.

Еўрарадыё: Ці здольная беларуская апазіцыя выпрацаваць агульную праграму на такія перамовы?


Сяргей Калякін: Яна ўжо даўно ёсць. Мы гаварылі пра гэта не толькі 13 год таму, мы гаварылі пра гэта пасля 19 снежня, у апазіцыі ёсць сур’ёзнейшыя напрацоўкі па эканамічных, сацыяльных і палітычных пытаннях. Таму мы гатовыя да сур’ёзнай размовы.

Еўрарадыё: А ці ёсць у апазіцыі інтэлектуальныя і іншыя рэсурсы, каб узяць на сябе частку адказнасці за краіну, каб выйсці з крызісу?


Сяргей Калякін: Гледзячы за што мы будзем несці адказнасць. Калі адказнасць за тое, што краіну давялі да ручкі, што сёння мы знаходзімся на мяжы банкруцтва, то мы не гатовыя падзяліць адказнасць. Няхай яе падзяляюць тыя, хто ў 1996 годзе ўгаварыў беларускі народ  узяць усю паўнату ўлады і ўсю паўнату адказнасці. Ніхто не перашкаджаў і ніхто не мог умяшацца тады ў працэс кіравання краінай. Таму за развал, які адбыўся, за тое, што мы прыйшлі ў тупік, няхай адказваюць тыя, хто знахоўзіўся пры ўладзе. А ўзяць адказнасць за правядзенне сур’ёзных рэформаў, якія палепшаць сітуацыю, мы гатовыя, але для гэтага павінны быць сур’ёзныя паўнамоцтвы. Мы павінны разумець, што нас бяруць не ў якасці “ахвярных казлоў” , а будуць працягваць сённяшнюю палітыку і толькі спасылацца што нібыта апазіцыя прымала ў гэтым удзел.   

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі