Вы тут

Каля 40 міліцыянтаў, якія перайшлі на бок народа, будуць пазбаўленыя званняў

Іван Кубракоў / БЕЛТА

Каля 40 супрацоўнікаў МУС, якія перайшлі на бок народа, будуць пазбаўленыя спецыяльных званняў. Такую лічбу назваў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.

Па яго словах, ініцыятыва такога кроку сыходзіць ад міліцэйскага ведамства. 

"Мы падрыхтавалі хадайніцтва аб пазбаўленні спецыяльных званняў — званняў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў нашых былых супрацоўнікаў, назаву іх так. Хоць іх не зусім прыемна называць сваімі калегамі. Гэта тыя, хто проста памыліўся ў выбары прафесіі і ў пэўны момант, калі былі пэўныя цяжкасці, паклаў пасведчанне, адмовіўся выконваць свае службовыя абавязкі. Такіх супрацоўнікаў мала, але яны, на жаль, былі. Дзесьці да 40 супрацоўнікаў па ўсёй краіне. Усе яны звольненыя з органаў унутраных спраў", — перадае БЕЛТА словы Кубракова.

Як паведамлялася раней, Аляксандр Лукашэнка сваім указам №174 пазбавіў званняў больш за 80 сілавікоў, якія перайшлі на бок народа. Атрымліваецца, што палова гэтых сілавікоў — экс-супрацоўнікі міліцыі.

Пасля выбараў 2020 года паведамлялася пра тое, як супрацоўнікі сілавых ведамстваў падавалі ў адстаўку на знак нязгоды з дзеяннямі ўлады. Вялікая частка былых сілавікоў пакінула краіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.