Каб канфлікт на Блізкім Усходзе не разрастаўся — ЗША атакавалі аб'екты ў Сірыі

Знішчальнікі F-16, ілюстрацыйнае фота

Знішчальнікі F-16, ілюстрацыйнае фота / Reuters

Два амерыканскія знішчальнікі сёння нанеслі ўдары па аб'ектах па вытворчасці зброі і боепрыпасаў у Сірыі, піша Reuters. Гэтыя атакі сталі адказам на напады на кантынгент ЗША з боку сіл, якія падтрымлівае Іран. Гаворка ідзе пра групоўкі "Ісламскі джыхад" і "Хэзбала". За апошні тыдзень войскі ЗША і кааліцыі як мінімум 19 разоў падвяргаліся нападам у Іраку і Сірыі з боку гэтых груповак.

У Вашынгтоне палічылі, што калі не спыніць гэтыя атакі, то канфлікт паміж Ізраілем і ХАМАС можа распаўсюдзіцца на Блізкі Усход. У выніку па загадзе прэзідэнта ЗША Джо Байдэна былі нанесеныя ўдары па двух аб'ектах.

"Гэтыя высокадакладныя ўдары ў мэтах самаабароны з'яўляюцца адказам на серыю працяглых і ў асноўным беспаспяховых нападаў на амерыканскі персанал у Іраку і Сірыі з боку груповак, якія падтрымлівае Іран", — заявіў міністр абароны ЗША Лойд Осцін у сваёй заяве. У Пентагоне таксама папярэдзілі, што ЗША прымуць дадатковыя меры, калі атакі з боку іранскіх давераных асоб працягнуцца. Акрамя таго, раней у чацвер Джо Байдэн накіраваў пасланне Вярхоўнаму лідару Ірана аятале Алі Хаменеі. Ён перасцярог Тэгеран ад нападу на персанал ЗША на Блізкім Усходзе.

Між тым міністр замежных спраў Ірана Хасейн Абдалахіян заявіў напярэдадні ў ААН, што, калі наступ Ізраіля на ХАМАС не спыніцца, Злучаныя Штаты "не будуць пазбаўленыя ад гэтага агню".

Адзначым таксама, што на фоне абвастрэння сітуацыі на Блізкім Усходзе, нападу ХАМАС на Ізраіль і аперацыі ў адказ Ізраіля ў сектары Газа, Злучаныя Штаты накіравалі ў рэгіён ваенныя караблі і знішчальнікі. Учора Пентагон паведаміў, што яшчэ каля 900 амерыканскіх вайскоўцаў прыбылі на Блізкі Усход або накіроўваюцца туды для ўзмацнення супрацьпаветранай абароны амерыканскага персаналу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі