Вы тут

Хто гэты камуніст, які вяшчае ў дзяржСМІ пра Беларусь, дэмакратыю і Сораса?

Альберт Санцін / vk.com

13 верасня ў праграме "Вынікі тыдня" на СТБ у якасці замежнага эксперта выступіў Альберт Санцін. Яго прадставілі як генеральнага сакратара ЦК Камуністычнай партыі камітэтаў Каталоніі. Хто гэта? І як ён апынуўся ў Беларусі?
 

“Беларусы не цэняць тое, што маюць”

У эфіры СТБ і на старонках інфармагенцтва БелТА Альберт Санцін упэўнена распавядае, што пратэсты ў Беларусі спансуе Сорас, Чэхія і Польшча. Ён параўноўвае жыццё ў Іспаніі і Беларусі і прыходзіць да высновы, што беларусы "не цэняць тое, што маюць”:

— Яны ўсё жыццё пражылі ў незалежнай, моцнай краіне і не ведаюць, якое гэта — прачынацца кожную раніцу, выходзіць на вуліцу ў той жа Барселоне і бачыць 400-500 чалавек, якія спяць на вуліцы, якім няма чаго есці.

У Іспаніі больш за 50 % маладых людзей не працуюць і не вучацца. 40 % насельніцтва Андалузіі беспрацоўныя або, напрыклад, у такіх гарадах, як Сеута і Мелілья, 50 % насельніцтва жыве за рысай беднасці. Калі надыходзіць зіма ў Іспаніі, многія сем'і не могуць падключыць ацяпленне, таму што ў іх няма грошай. Яны гэтага хочуць?

Цытату Санціна пра тое, што "Беларусь — краіна, у якой дэмакратыі больш, чым у любой іншай еўрапейскай краіне", размясцілі ў сябе і іншыя дзяржаўныя СМІ.
 

Фанат Лукашэнкі, падтрымлівае смяротнае пакаранне

Альберту Санціну 24 гады. Ён узначальвае Камуністычную партыю камітэтаў Каталоніі. Яшчэ ён прадстаўляецца як прэзідэнт "Асацыяцыі падтрымкі Беларусі", якая, відаць, таксама працуе ў Каталоніі. Нам не ўдалося знайсці сайт арганізацыі, а ў яе старонкі ў "Фэйсбуку" 715 фолавераў.

Камуністычная партыі камітэтаў Каталоніі з'явілася ў 2019 годзе. Яе мэта — "барацьба за інтарэсы працоўнага класа Каталоніі, за свабодную і незалежную Каталонскую Сацыялістычную Рэспубліку". У партыі ёсць невялікі офіс у Барселоне. На сценах — партрэты Леніна, Сталіна, герб, які вельмі нагадвае беларускі. У кабінеце Альберта ёсць фота Аляксандра Лукашэнкі.

Альберт Санцін на сустрэчы з членамі Камуністычнай партыі Беларусі / vk.com

Санцін ужо шосты раз прыязджае ў Беларусь. У яго сацсетках можна знайсці фатаграфіі сустрэч з членамі Камуністычнай партыі Беларусі, кіраўнікамі сілавых ведамстваў. Таксама Санцін некалькі разоў наведваў БелАЗ, удзельнічаў з вялікім партрэтам Лукашэнкі ў мітынгах "у падтрымку міру, бяспекі і спакою".

Альберт Санцін на мітынгу ў Мінску / twitter.com
З прадстаўнікамі сілавых ведамстваў / twitter.com
Альберт Санцін у Беларусі ўжо шосты раз / twitter.com

У сваім твітар-акаўнце Санцін падтрымлівае дзеянні сілавікоў падчас пратэстаў у Беларусі, а таксама выступае за смяротнае пакаранне. Каталонец жанаты з беларускай.

Альберт Сантин з нявестай / twitter.com

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.