Вы тут

Here we go again: карысныя парады на выпадак адключэння інтэрнэту

Памылка ў браўзеры Google Chrome / Еўрарадыё

25 сакавіка ў Мінск упершыню за доўгі час вярнуліся вадамёты і "рубяжы" — верныя спадарожнікі беларускіх пратэстаў. Калі ўлады пачалі капіяваць леташнюю тактыку барацьбы з нязгоднымі — могуць і інтэрнэт зноў адключыць?

А значыць, прыйшоў час карысных парад на выпадак адключэння інтэрнэту. Расказваем, як чытаць сайты і тэлеграм-каналы незалежных СМІ.

Калі няма інтэрнэту

Абысці блакаванне дапамагаюць розныя сэрвісы і праграмы: Psiphon, Lantern, Tachyon VPN, X-vpn, Betternet і іншыя. Гэтыя сэрвісы працуюць як VPN, прапускаючы трафік праз сябе. Праграмы працуюць як на ПК, так і на мабільных прыладах, а Tachyon VPN — толькі на смартфонах, планшэтах. У жніўні і верасні ў Беларусі лепш за ўсё сябе паказалі Psiphon, Lantern і Tachyon VPN.

Лепш загадзя спампаваць і ўсталяваць іх на свае прылады, каб быць гатовым да магчымага адключэння інтэрнэту. Калі адключаць інтэрнэт, будзе позна.

Акрамя таго, абысці блакаванне можа дапамагчы ўбудаваны VPN у браўзеры Opera. Або TOR — праграма, якая працуе як спіс проксі-сервераў і дазваляе ананімізаваць трафік.

Калі ёсць інтэрнэт, але не працуе тэлеграм

Гэта азначае, што ўлады навучыліся абмяжоўваць трафік да асобнай праграмы. Выхад з гэтай сітуацыі такі: паспрабаваць падключыцца да яго праз проксі-серверы. Рабочыя можна знайсці ў тэлеграм-канале @ProxyMTProto. Проста выбіраеце любы з іх, націскаеце кнопку connect. Калі паведамленні прыходзяць і адпраўляюцца з большай затрымкай, чым звычайна, можна выбраць любы іншы са спіса. Усе падключаныя проксі і іх статус даступныя ў наладах.

Існуе сайт https://mtpro.xyz/. Пасля націскання кнопкі Connect на галоўнай старонцы сайт пераадрасуе на тэлеграм і прапануе падключыць рабочы і хуткі проксі.

Зрэшты, вялікія беларускія тэлеграм-каналы пакуль што не посцяць заклікаў да ўдзелу ў акцыях пратэсту. Таму не факт, што сёння ўлады будуць блакаваць або запавольваць тэлеграм.

Ці будуць вясной адключаць інтэрнэт?

Апошні раз беларускія аператары "істотна зніжалі прапускную здольнасць каналаў па патрабаванні дзяржаўных органаў у сувязі з гарантаваннем нацыянальнай бяспекі" аж 6 снежня. Ці ёсць у "дзяржаўных органаў" жаданне зноў "гарантаваць нацыянальную бяспеку" праз "зніжэнне прапускной здольнасці інтэрнэту"? Ніхто не ведае.

Еўрарадыё адправіла афіцыйныя запыты ў прэс-службы трох мабільных аператараў. Ні адзін з іх не адправіў каментароў у адказ.

Нагадаем, што звязацца з рэдакцыяй можна па нумары тэлефона ў Мінску: +375 17 321-22-99. Можна таксама даслаць SMS на мабільны нумар +375 33 326-64-68. Галасавую сувязь і эсэмэскі ў Мінску яшчэ не адключалі.

Наш радыёэфір заўсёды даступны на спадарожніку: ASTRA 4A — 4,8° на ўсход, частата 12379.62 МГц, гарызантальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.