Гурт Бі-2 выйшаў на сувязь з моманту затрымання пасля канцэрта на Пхукеце

Музыкам можа пагражаць дэпартацыя

Музыкам можа пагражаць дэпартацыя / b2band

Падставай для затрымання, гаворыцца ў пасце ва "Укантаце", сталі "няправільна аформленыя арганізатарамі дакументы". Раней паведамлялася, што гурт затрымалі за адсутнасць дазволу на працу ў Тайландзе. Пры гэтым музыкі кажуць, што летась ужо праводзілі канцэрты ў Тайландзе афіцыйна, з прыцягненнем мясцовых арганізатараў і выкананнем усіх патрабаванняў па бяспецы.

Першую ноч пасля затрымання ўдзельнікі гурта, сярод якіх ёсць грамадзяне Расіі, Аўстраліі і Ізраіля, правялі ў камеры паліцэйскага ўчастка. На наступны дзень суд аштрафаваў музыкаў на тры тысячы тайскіх бат — каля 84 долараў. Штраф быў аплачаны на месцы, але з-за таго, што затрыманым не далі перакладчыка на час судовага паседжання, тыя не змаглі азнаёміцца з дакументамі па справе.

Пасля суда гурт затрымала міграцыйная паліцыя Тайланда — зараз іх павінны перавезці ў Бангкок, дзе будзе вырашацца пытанне аб знаходжанні яго ўдзельнікаў у краіне.

"Ніякіх дадатковых абвінавачанняў нам не прад'яўлена. Сітуацыя і шум вакол яе падказваюць, што не апошнюю ролю ў нашым затрыманні адыграў ціск звонку. Мы ведаем, што прычыны гэтага ціску — наша творчасць, нашы погляды, наша пазіцыя", — лічаць удзельнікі Бі-2. У пасце гурта зазначаецца, што яны знаходзяцца на сувязі з МЗС Ізраіля, чые прадстаўнікі ў Тайландзе ўдзельнічаюць у вырашэнні сітуацыі, аднак аўстралійскага консула да іх не пусцілі.

Удзельнікі Бі-2 адкрыта выступілі ў падтрымку пратэстаў 2020 года ў Беларусі і супраць вайны, якую Расія вядзе ва Украіне, калі ўдзельнікаў гурта дэпартуюць з Тайланда ў Расію, ім можа пагражаць адміністрацыйны ці крымінальны пераслед.

"Бі-2" — рок-гурт, утвораны ў 1988 годзе ў Бабруйску ўраджэнцамі Беларусі Ягорам Бортнікам і Аляксандрам Уманам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі