Вы тут

Газпрамбанк падтрымаў Белгазпрамбанк — палітыка ці звычайная рэч?

Белгазпрамбанк / Еўрарадыё

25 лютага Газпрамбанк даў Белгазпрамбанку доўгатэрміновую крэдытную лінію на 60 мільёнаў еўра. Гэтыя сродкі прызначаюцца для падтрымкі і развіцця малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі.

Паколькі Белгазпрамбанку з мінулага года аддаецца асаблівая ўвага, Еўрарадыё пастаралася разабрацца, што значыць рашэнне Газпрамбанка падтрымаць беларускую дачку.

На думку галоўнага рэдактара Myfin.by Уладзіміра Лужнёва, цалкам нармальна, што Белгазпрамбанк падтрымліваецца з Расіі.

— Газпрамбанк і Газпрам — яго асноўныя акцыянеры. Яны заўсёды выдзялялі Белгазпрамбанку фінансаванне на розныя праекты яшчэ да гісторыі з Віктарам Бабарыкам.

Старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб дапускае, што магло і не абысціся без палітыкі. Бо літаральна напярэдадні Лукашэнка сустрэўся з Пуціным.

— Застаецца гадаць, з чым гэта звязана. Мне здаецца, адносіны паміж беларускімі ўладамі і акцыянерамі Белгазпрамбанка не вельмі простыя.

У Газпрамбанка і холдынга Газпрам па 49,82% акцый Белгазпрамбанка. У чэрвені мінулага года пасля арышту Віктара Бабарыкі і топ-менеджараў Белгазпрамбанка яны заявілі, што прызначэнне выканаўцы абавязкаў старшыні праўлення — незаконнае.

— З аднаго боку, завяршыла працу часовая адміністрацыя Белгазпрамбанка. Гэта значыць, фармальна кантроль за кіраваннем гэтым актывам вярнуўся да савета дырэктараў. І да зацверджанага імі праўлення. З другога боку, беларускім уладам удалося, відавочна, без волі асноўнага акцыянера праціснуць старшыню праўлення — Надзею Ермакову. І, хутчэй за ўсё, гэта было рашэнне, узгодненае на палітычным узроўні, — працягвае Вадзім Іосуб.

Эксперт лічыць, што зыходзячы з гэтага можна выказаць здагадку, што і выдзяленне новых крэдытных ліній — таксама палітычнае рашэнне, прынятае на самым высокім узроўні.

— Газпрамбанку даводзіцца проста падпарадкавацца гэтаму рашэнню.

На думку эканамічнага аглядальніка Сяргея Чалага, у адкрыцці крэдытнай лініі няма нічога незвычайнага, "проста адносіны даччынай кампаніі з акцыянерамі".

— Сустрэча [Лукашэнкі і Пуціна. — Еўрарадыё], чуткі пра тое, што адпусцяць Віктара Бабарыку, крэдытная лінія — усё накладваецца адно на адно, таму цяжка сказаць, што гэта з чымсьці звязана, — адзначае Уладзімір Лужнёў.

 

60 мільёнаў еўра моцна дапамогуць Белгазпрамбанку і бізнесу?

Падтрымка Газпрамбанка выглядае не такой вялікай на фоне адтоку дэпазітаў. Але ва ўмовах абмежавання ліквіднасці Нацбанкам гэта лепш, чым нічога.

— Па выніках другога квартала мінулага года страты па дэпазітах Белгазпрамбанка склалі адзін мільярд беларускіх рублёў, — кажа Уладзімір Лужнёў.

Што да бізнесу, то ў глабальным маштабе такая сума мала на што паўплывае.

— Малы і сярэдні бізнес — гэта заўсёды быў адзін з асноўных профіляў Белгазпрамбанка, не лічачы таго, што ён абслугоўваў тут буйныя даччыныя прадпрыемствы Газпрама. Для тых прадпрыемстваў, якім удасца ўзяць крэдыты, — гэта будзе нармальна. Але на ўзроўні макраэканомікі краіны сказаць, што гэта падштурхне рост ВУП, не. Ніякіх макраэфектаў не будзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.