Вы тут

Еўракамісія расказала, як расходавалі 65 млн еўра для падтрымкі беларусаў

Грошы дзе? / unsplash.com

Святлану Ціханоўскую не-не ды і спытаюць: "Дзе грошы?", маючы на ўвазе сродкі, вылучаныя Еўрасаюзам грамадзянскай супольнасці Беларусі. Офіс Ціханоўскай тлумачыць: мы толькі дапамагаем складаць заяўкі і шукаем фінансаванне для дапамогі беларусам. Маўляў, у кішэню гэтыя грошы не кладзём і нават іх размеркаваннем не займаемся.

Каб спыніць "грошасрачы", Еўрарадыё накіравала запыт у Еўракамісію. Мы просім адказаць, што адбываецца са сродкамі, якія ЕС вылучае беларусам.

— Пасля фальсіфікацыі [рэжымам Лукашэнкі. — Еўрарадыё] прэзідэнцкіх выбараў 2020 года мы вылучылі каля 65 мільёнаў еўра ў выглядзе прамой падтрымкі беларускага народа, якая была накіравана праз шэраг надзейных партнёраў-выканаўцаў і міжнародных арганізацый, — адказвае Еўрарадыё Палома Хал Кабальера, супрацоўніца Еўрапейскай службы знешняй сувязі. — Адразу пасля фальсіфікацыі [рэжымам Лукашэнкі. — Еўрарадыё] выбараў было выдзелена 3,7 мільёна еўра для аказання экстраннай дапамогі ахвярам рэпрэсій і незалежным СМІ.

Потым ЕС вылучыў 30 мільёнаў еўра на падтрымку ў 2020 годзе і яшчэ 30 мільёнаў еўра ў 2021 годзе, у прыватнасці, грамадзянскай супольнасці і незалежным СМІ ўнутры і за межамі Беларусі, моладзі, малому бізнесу, сектару аховы здароўя і дзеячам культуры. З гэтай разбіўкі цалкам відавочна, што сцверджанні пра тое, што амаль усе грошы дасталіся аднаму атрымальніку, не заслугоўваюць даверу.

Больш за тое, летась старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен абвясціла пра ўсёабдымны план эканамічнай падтрымкі ў памеры трох мільярдаў еўра, накіраваны на стабілізацыю беларускай эканомікі, раскрыццё патэнцыялу росту, стварэнне працоўных месцаў і дэмакратызацыю інстытутаў краіны [маецца на ўвазе план эканамічнай падтрымкі Беларусі пасля сыходу Лукашэнкі. — Еўрарадыё].

Вялікі БЧБ-сцяг у часе мірнай акцыі пратэсту ў Беларусі, 2020 год / unsplash.com

— Пасля фальсіфікацыі [рэжымам Лукашэнкі. — Еўрарадыё] прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі і зусім нядаўна, пасля ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны, падтрыманай рэжымам Лукашэнкі, Еўрапейскі саюз быў адзіны ў сваім адказе на дзеянні беларускіх уладаў, — падкрэслівае Палома Кабальера. — ЕС і яго дзяржавы-сябры адданыя таму, каб Беларусь займала бачнае месца ў міжнародным парадку дня, і працягваюць адыгрываць вядучую ролю ў падтрымцы народа Беларусі як у палітычным, так і ў фінансавым плане. ЕС падтрымлівае народ Беларусі і будзе працягваць гэта рабіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.