Вы тут

ЕС заклікае ЮНЕСКА адрэагаваць на сітуацыю са свабодай прэсы ў Беларусі

Акцыя пратэсту беларускіх журналістаў улетку 2020-га / Еўрарадыё

Еўрасаюз зярнуўся да ЮНЕСКА з заклікам адрэагаваць на пагаршэнне сітуацыі са свабодай выказвання меркаванняў і свабодай прэсы ў Беларусі. 

"Мы настойліва заклікаем ЮНЕСКА як агенцтва ААН з асаблівым мандатам абараняць свабоду выказвання меркаванняў і свабоду друку, адрэагаваць на далейшае пагаршэнне сітуацыі ў галіне права на свабоду выказвання меркаванняў і свабоды друку, асабліва ў дачыненні да журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ўсіх асоб, якія жадаюць свабодна выказваць сваё меркаванне, у Беларусі пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года", — гаворыцца ў заяве дэлегацыі ЕС у ЮНЕСКА, якую цытуе БелаПАН.

ЕС адзначае, што беларускія ўлады працягваюць агрэсіўна пераследаваць як беларускіх, так і замежных журналістаў. Работнікі СМІ рэгулярна зазнаюць пераслед, запалохванні і адвольныя затрыманні.

Еўрасаюз, як падкрэсліваецца ў дакуменце, асуджае таксама адмову ў праве на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне і свабоду мірных сходаў, сістэматычнае абмежаванне доступу да інфармацыі, адключэнне інтэрнэту і ўзмацненне абмежаванняў для незалежных СМІ.

ЕС заклікае ўлады Беларусі спыніць парушэнні правоў чалавека і асноўных свабод, уключаючы свабоду СМІ, і выконваць вяршэнства закона, а таксама заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх журналістаў і работнікаў СМІ, якія ў цяперашні час утрымліваюцца пад вартай або адбываюць турэмнае зняволенне проста за выкананне сваёй працы і рэалізацыю сваіх правоў.

Да беларускіх уладаў Еўрасаюз звяртаецца з заклікам паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды, у тым ліку свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне, інфармацыю, свабоду сходаў і асацыяцый, а таксама свабоду сродкаў масавай інфармацыі.

Па падліках Беларускай асацыяцыі журналістаў, сёння за кратамі знаходзяцца 12 журналістаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.