Вы тут

Эксперты: Беларусь — адзін вялікі БМЗ, а дэфолт ужо адбываецца

У Беларусі ўсё ў парадку / Калаж Еўрарадыё

Reuters назваў беларускую эканоміку нестабільнай, на мяжы дэфолту. Гэта значыць, што нашай краіне ўсё больш складана выплачваць дзярждоўг, які расце. У гэтым Беларусь падобная да Ямайкі, Туніса, Эквадора, Лаоса, Бахрэйна, Шры-Ланкі, Эфіопіі і Амана.

 

Дзярждоўг стабільна пагаршаецца

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, нічога новага Reuters не адкрыў.

Стан дзяржаўнага доўгу стабільна пагаршаецца. Калі сёлета ў сувязі з шэрагам памылак уладаў, а таксама няздольнасцю кіраваць дзяржрасходамі ён павялічыцца да 60 адсоткаў ВУП, гэта будзе блізка да ўзроўню, за якім можа адбыцца дэфолт. Маюцца на ўвазе разам унутраны, знешні доўг і даўгі, гарантаваныя дзяржавай.

Паводле ацэнак экспертаў ЕАБР, за 2020 год сукупны дзярждоўг Беларусі вырас да 54% ВУП.

Але дэфолту пакуль чакаць не варта, лічыць Яраслаў Раманчук. Яшчэ ёсць золатавалютныя рэзервы, і уладам ёсць што прадаць — гаворка пра "фамільнае срэбра", гігантаў беларускай прамысловасці. Таксама можна закласці акцыі прадпрыемстваў і пад іх заклад узяць крэдыт.

Рэсурсаў пакуль хапае. Асабліва калі Расія дасць нам нейкую колькасць мільярдаў долараў. Можна дамовіцца з кітайцамі на крэдыт.

 

Ад дэфолту дзяржпрадпрыемстваў да дэфолту краіны

Беларускі металургічны завод / belsteel.com

Кіраўнік праекта Open Tenders Уладзімір Кавалкін кажа, што краіна ўжо ў дэфолтным стане, але пакуль невядома, калі пачнецца яго вострая фаза.

Адбываецца пераафармленне вялікай колькасці неабслугоўваных даўгоў дзяржпрадпрыемстваў, якія забяспечваліся гарантыямі ўрада, з банкаўскіх даўгоў на даўгі бюджэту. Пачалося гэта з калгасаў, харчовай прамысловасці, а цяпер мы ведаем, што гэта адбылося з БМЗ.

Так банкруцтва, якое да таго пагражала дзяржаўным бізнесам, развіваецца да маштабаў усёй краіны.

Дэфолт ужо адбываецца, проста павольна. Не так ярка, як у Расіі ў дзевяностыя. Што адбылося з БМЗ? Дэфолт, няздольнасць плаціць па ўласных даўгах. І гэта сітуацыя нарастае. Калі б дзяржпрадпрыемствы банкрутавалі, іх доўг заставаўся б іх доўгам, а не доўгам бюджэту. Гэта цяжка. Магчыма, давялося б дапамагаць банкам, якія б страцілі рэсурсы. Але, прынамсі, гэту гангрэну можна было б ампутаваць.

Паколькі гэтага не адбываецца, праблема будзе пагаршацца і прывядзе да таго, што дзярждоўг, які расце, будзе цяжка абслугоўваць, не пазбаўляючы даходаў пенсіянераў і бюджэтнікаў.

Будуць скарачацца інвестыцыі ў інфраструктуру. Гэта значыць праблемы з ЖКГ і, напрыклад, экалагічныя праблемы. Гэта значыць, шлях, які абраў рэжым Лукашэнкі, — гэта шлях павольнага скочвання ў стан натуральнага першабытнага стану.

 

А што Расія? Грошай хопіць!

Даць некалькі мільярдаў долараў Лукашэнку для Пуціна не праблема / Reuters

Топавы расійскі эканаміст Сяргей Гурыеў на пытанне журналіста Еўрарадыё, калі ў Беларусі будзе дэфолт, адказвае, што грошай у Расіі досыць, каб выратаваць Беларусь ад гэтага.

Для Расіі гэта невялікая сума. Перад крахам рэжыму Януковіча Расія дала Януковічу тры мільярды долараў. Ужо тады было зразумела, што мы гэтых грошай ніколі больш не ўбачым. Але ці абвалілася расійская макраэканоміка ад таго, што Расія страціла тры мільярды долараў? Не. І Беларусі таксама Расія можа даць тры мільярды долараў.

 

Уладзімір Кавалкін падкрэслівае, што Расія пойдзе на такі крок толькі з палітычных прычын. Расійскі крэдыт можа выратаваць Беларусь ад дэфолту, але сістэмных праблем не вырашыць.

Яраслаў Раманчук адзначае, што растуць не толькі знешнія запазычанні, але і ўнутраныя. Сёлета Мінфін зрабіў іх ужо на $700 млн.

Выпампоўваюць грошы з сістэмы вельмі хутка для фінансавання праблемных даўгоў дзяржпрадпрыемстваў. Але, калі перастаць удасканальваць мадэль "савок-дзяржплан", тады можна пазбегнуць дэфолту і пачаць нармальную эканамічную палітыку. Хоць такі сцэнар для генеральскай наменклатуры малаімаверны.

Таксама ёсць магчымасць пераразмеркаваць рэсурсы пры дапамозе інфляцыі. Гэта значыць, надрукаваць грошай і купіць валюты для пакрыцця даўгоў.

Гэта інфляцыйны падатак. Стандартная схема: забраць абаротку ў прадпрыемстваў, пазбавіць насельніцтва часткі пакупной здольнасці іх грошай. Гэта мы праходзілі ў 2011 годзе, 2015–2016 гадах і да гэтага.

 

Дэфіцыт бюджэту будзе расці

За пралікі ўладаў людзі плацяць са сваіх кішэняў / Еўрарадыё

Акрамя таго, што трэба аплачваць даўгі, беларускаму бюджэту трэба неяк закрываць дэфіцыт, які планаваўся першапачаткова — але з тых часоў таксама паспеў вырасці. У пачатку сакавіка Мінфін удакладніў выкананне бюджэту на 2021 год. Закладваўся дэфіцыт у 4 млрд рублёў, а цяпер агучваецца лічба ў 5,6 млрд рублёў.

Калі ўлады за месяц нават не могуць спрагназаваць асноўныя параметры бюджэту, гэта сведчыць пра тое, што яны не разумеюць глыбіні крызісу, як працуюць асноўныя крыніцы даходу бюджэту, і не могуць сказаць не асноўным просьбітам, бенефіцыярам бюджэту, — кажа Яраслаў Раманчук.

Уладзімір Кавалкін мяркуе, што павелічэнне разрыву паміж даходамі і расходамі звязанае з пераафармленнем часткі доўгу БМЗ.

Гэты дэфіцыт вырас прыкладна на тыя даўгі, якія будуць выплачаныя за кошт бюджэту. Мінфін размясціў валютныя аблігацыі і такім чынам перааформіў даўгі БМЗ у даўгі бюджэту перад банкамі. Падобная сітуацыя ў 2020 годзе назіралася з пераафармленнем даўгоў прадпрыемстваў КХП. Тады таксама досыць моцна выскачыў дэфіцыт.

Эксперты адзначаюць: калі нічога не зменіцца, сітуацыя з дэфіцытам бюджэту будзе пагаршацца.

Думаю, будзе яшчэ павелічэнне акцызаў, тарыфаў. Так ці інакш будуць адшуквацца магчымасці ўзяць з насельніцтва больш. У выглядзе тарыфаў, цэн на бензін, паслугі ЖКГ, — падагульняе Яраслаў Раманчук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.