Экспарт у Еўропу абваліўся, пакуль Галоўчанка расказвае пра сігналы адтуль

Апошнім часам прэм'ер робіць яшчэ больш загадкавыя заявы, чым Лукашэнка / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Апошнім часам прэм'ер робіць яшчэ больш загадкавыя заявы, чым Лукашэнка / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Прэм'ер Раман Галоўчанка расказаў, што Захад падае вельмі шмат сігналаў пра гатоўнасць супрацоўнічаць з Беларуссю. Пры гэтым з 4 чэрвеня пачалі дзейнічаць новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі за саўдзел у расійскай агрэсіі. І экспарт у Еўропу прасеў амаль удвая.

Цяпер нельга прадаваць у ЕС вырабы з драўніны, жалеза, сталі, гумы, цэменту і калію. У Беларусь забараняецца пастаўляць тавары і тэхналогіі, якія могуць спрыяць развіццю абароннай галіны. Тэхнічна і фінансава дапамагаць Беларусі таксама нельга, як і аказваць брокерскія паслугі.

Еўрарадыё даведалася, што адбывалася з гандлем таварамі ў першы месяц новых санкцый і паспрабавала таксама знайсці сігналы Захаду.

 

Гандаль ратуюць Расія і... Аб'яднаныя Арабскія Эміраты

Паводле звестак Белстата, за шэсць месяцаў 2022 года экспарт упаў на 3,7% у параўнанні з першым паўгоддзем 2021 года, а імпарт — на 8,9%. Аднак апошнім часам назіраецца рост. У чэрвені экспарт Беларусі склаў $3,16 млрд і павялічыўся на 14% у параўнанні з траўнем. Імпарт вырас на 3% да $2,79 млрд.

Экспорт в Европу обвалился, пока Головченко рассказывает про сигналы оттуда
Імпарт і экспарт тавараў па месяцах / звесткі Белстата

Нічога звязанага з "сігналамі" Захаду тут няма. У асноўным гандаль дапамагае выцягваць Расія. У чэрвені туды пайшло тавараў больш чым на $2 млрд супраць $1,65 млрд у траўні. Доля Расіі ў чэрвеньскім экспарце дасягнула 63,3%. З імпартам сітуацыя сціплейшая, але ўклад Расіі ўсё роўна вельмі вялікі. У чэрвені імпарт адтуль вырас да $1,85 млрд — 66,3% ад усяго імпарту. У траўні было $1,78 млрд.

Да вайны другім па велічыні гандлёвым партнёрам была Украіна. Цяпер экспарт туды таксама расце, але аб'ёмы мізэрныя. У чэрвені было адпраўлена тавараў на $31,5 млн, а ў траўні — на $23 млн. У студзені экспарт быў $563 млн. Зусім няшмат, але нейкім чынам Беларусь нешта купляе ва Украіне. Напрыклад, у чэрвені закупілася на $1,5 млн.

Цяпер жа на другім месцы Кітай, куды ў чэрвені пайшло тавараў на $203 млн. За месяц уладам удалося нарасціць пастаўкі на $76 млн. А вось імпарт з Кітая трохі прасеў. У чэрвені Беларусь закупілася там на $257 млн. Гэта на $2 млн менш, чым у траўні.

Нечакана трэцім па велічыні пакупніком беларускіх тавараў сталі Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Яшчэ ў студзені экспарт туды склаў усяго $2,6 млн — практычна нішто ў агульным аб'ёме. Аднак у чэрвені Беларусь ужо паставіла ў ААЭ тавараў на $168 млн.

Экспорт в Европу обвалился, пока Головченко рассказывает про сигналы оттуда
Беларускія пастаўкі ў ААЭ і Кітай па месяцах / звесткі Белстата

Што Беларусь раптам стала пастаўляць у ААЭ, незразумела — Белстат схаваў звесткі. Летась туды больш за ўсё прадаваліся прысадкі да змазачных аліваў, нейлонавыя ніткі, акрылавыя валокны і жгуты, цэлюлоза і ежа. Усяго нагандлявалі на $58 млн за ўвесь 2021 год, што ў тры разы менш, чым за чэрвень 2022 года.

 

Еўропа зніжае закупкі, але прадае Беларусі больш

Нягледзячы на значны рост гандлю ў цэлым, экспарт у Еўропу прасеў амаль у два разы — з $450 млн у траўні да $244 млн у чэрвені. Найбуйнейшыя партнёры ў Еўропе зніжаюць закупкі з пачатку вайны ва Украіне. Больш за ўсіх Нідэрланды. Калі ў студзені туды пайшло тавараў на $246 млн, то ў чэрвені ўсяго на $19 млн. Беларусь шмат зарабляла, адпраўляючы ў Нідэрланды нафтапрадукты, якія потым прадаваліся па ўсім свеце.

Экспорт в Европу обвалился, пока Головченко рассказывает про сигналы оттуда
Закупкі краін Еўропы ў Беларусі / звесткі Белстата

Пры гэтым патроху павялічваецца імпарт з Еўропы: з $322 млн у траўні да $337 млн у чэрвені. А для Беларусі важны не толькі еўрапейскі рынак, але і закупкі там. Бо каб зрабіць тавары на продаж нават у Расію, патрэбны якасныя прамежкавыя складнікі, якія Беларусь сама не можа зрабіць. Якія праблемы бываюць без гэтых кампанентаў, відаць у вытворчасці МАЗаў, якія неаднаразова гарэлі ў Расіі. Там еўрапейскія дэталі замянілі на "аналагічныя" айчынныя.

Экспорт в Европу обвалился, пока Головченко рассказывает про сигналы оттуда
Некаторыя краіны Еўропы пастаўляюць у Беларусь столькі сама, як і да вайны ва Украіне / звесткі Белстата

Калі вярнуцца да сігналаў, якія атрымлівае Раман Галоўчанка, на жаль, праверыць іх змест і крыніцы мы не можам. Мяркуючы па статыстыцы, Еўропа сігналізуе пра тое, што ўсё ж працягне гандляваць з Беларуссю, дзе гэта магчыма, але санкцыі за паводзіны рэжыму Лукашэнкі будуць выконвацца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі