Вы тут

Дзяўчыне адмовілі ў працы з-за таго, што размаўляе па-беларуску

Настасся Цэрковіч / vk.com

“З фармулёўкай “карпаратыўная культура кампаніі не прадугледжвае беларускую мову” сумоўе скончылася праз адну хвіліну”, — апісвае гутарку для наймання на пасаду спецыяліста па ўнутраных камунікацыях у кампанію "АЛМІ" мінчанка Настасся Цэрковіч

— Наша гутарка з HR-амі прайшла вельмі хутка. Я пачала распавядаць пра сябе, і мяне запыталі, ці размаўляю я па-руску. На адказ, што я ведаю і рускую, і беларускую мову, аднак мая мова зносін менавіта беларуская, мне сказалі пра “карпаратыўную культуру кампаніі”. Мае аргументы аб тым, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы, ніяк не паўплывалі, — расказвае Еўрарадыё Настасся.

Спецыяліст "АЛМІ", які вёў сумоўе, сказаў, што супрацоўнікі кампаніі Настассю проста не будуць разумець. Дзяўчына адрэагавала на такі адказ спакойна, не хацела ствараць канфлікт, але расказала пра вынікі размовы ў сацсетках. Запіс чакана выклікаў у беларусаў абурэнне — яны пачалі пакідаць негатыўныя каментарыі на старонках згаданай сеткі гіпермаркетаў.

— Скардзіцца кудысьці я не збіралася, аднак спадзявалася, што ў прафесійным асяроддзі гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца, у тым ліку і з этычнага боку. Мне падаецца, сёння гэта больш эфектыўна, чым скарга ў нейкія прававыя ўстановы, — дадае дзяўчына.

АЛМІ / blizko.by

Праз некаторы час кампанія "АЛМІ" адрэагавала на праблему і пакінула афіцыйны каментарый у Facebook:

— Шаноўныя сябры. Запэўніваем вас, што ў карпарацыйнай культуры кампаніі "АЛМI" няма і не можа быць дыскрымінацыйных правілаў у залежнасці ад мовы. I рускамоўныя, і беларускамоўныя — мы калегі, сябры, знаёмыя, суседзі, мы адзіны народ. 

У каментарыі Еўрарадыё прадстаўніца сеткі пацвердзіла гэтыя словы і сказала, што “кампанія прынесла свае выбачэнні Настассі за словы і паводзіны супрацоўніка, а таксама запрасіла Настассю на паўторнае сумоўе”. 

Дзяўчына пацвярджае, што з ёй звязалася кіраўніцтва "АЛМІ" і растлумачыла такое стаўленне да беларускай мовы пазіцыяй аднаго канкрэтнага HR: “Мабыць, паверу, але асадак застаўся”. Ад паўторнага сумоўя Настасся адмовілася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.