Вы тут

Для новай будоўлі на месцы хімічнага завода ў Магілёве здымуць верхні слой глебы

Тэрыторыя былога завода цяпер выглядае так

У Магілёве падрыхтавалі да рэкультывацыі экс-тэрыторыю завода штучнага валакна. Некалі гігант савецкага хімпрама, у 2000-я завод прыйшоў у заняпад, а ў траўні 2018 года большасць яго карпусоў знеслі. На месцы завода ўлады Магілёва плануюць пабудаваць буйны гандлёва-забаўляльны комплекс.

Але ёсць нюанс: хімічная вытворчасць, якая працягвалася тут з 1930 года, істотна пагоршыла якасць глебы. Па выніках даследавання грунтам надалі IV клас небяспекі (маланебяспечныя). Таму перад тым, як пачынаць тут новую будоўлю, у пэўных месцах глебу давядзецца замяніць.

З 2018 года выканкам шукае інвестараў для забудовы гэтай агромністай тэрыторыі. Але тыя не спяшаюцца. А пакуль у сталовай, якая захавалася ў адным з ацалелых карпусоў, працягваюць гатаваць гарачыя абеды.

Магілёўскі завод штучнага валакна (ЗШВ) пабудавалі ў 1930 годзе на месцы Цішоўскай пустэчы. Гэта было першае ў БССР прадпрыемства хімічнай прамысловасці. Тэхналогіі віскознай вытворчасці і асноўнае абсталяванне закупілі ў нямецкай фірмы “Кагорн”. У 1940 годзе завод выпускаў 40% хімічных валокнаў СССР.

У 1975 годзе ЗШВ і Камбінат сінтэтычнага валакна злучылі ў вытворчае аб’яднанне “Хімвалакно”. Па меры пашырэння Магілёва прадпрыемства апынулася ў гарадской мяжы. Магілёўцы пачалі рэгулярна наракаць на яго выкіды — серавадарод і серавуглярод — з непрыемным пахам. Таму закрыццё прадпрыемства гараджане збольшага ўхвалялі.

Але цяперашнія планы чыноўнікаў падабаюцца не ўсім: маўляў, у гараджан і так няма столькі грошай і часу, каб адпачываць і забаўляцца ва ўсіх ужо пабудаваных ГЦ горада. У сацыяльных сетках і на форумах кіраўніцтву горада прапануюць лепш выдаткаваць бюджэтныя сродкі на паліклінікі і дзіцячыя садкі: паляпшэнне існуючых і будаўніцтва новых.

Ёсць і альтэрнатыўныя варыянты выкарыстання заводскай пляцоўкі. 

— На гэтым месцы правільна разбіць сучасны парк на беразе Дняпра. З грамадскімі ўстановамі: арт-прасторы, канцэртныя залы, музей сучаснага мастацтва, ядальні. Пра аквапарк у Магілёве даказваюць ужо гадоў дзесяць, але ўсё не прыходзіць інвестар, — сцвярджае блогер Дзяніс Васількоў. — Знос завода — добрая навіна: ён апынуўся вельмі блізка да цэнтра горада, тэхналогіі там былі брудныя і старыя. Пра ліквідацыю завода амаль не было інфы: ні чаму так стала, ні каму гэта трэба. А для Магілёва гэта значная падзея.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.