Вы тут

Давыдзька: У школе мусіць з'явіцца прадмет аб генацыдзе беларускага народа

Генадзь Давыдзька / Еўрарадыё

Кіраўнік "Белай Русі" і прапагандыст Генадзь Давыдзька лічыць, што ў школах неабходна ўвесці новы прадмет, падчас якога дзецям будуць расказваць аб "генацыдзе беларускага народа".

"Калі дзеці эмацыйна ўспрымуць гэта, яны зразумеюць, што такога дапускаць больш нельга. Яны зразумеюць, па якой дарозе пакут прайшлі іх продкі, і гэтым трэба ганарыцца. І мы будзем гэтым ганарыцца", — упэўнены Давыдзька.

На думку прапагандыста, усвядоміць "генацыд беларускага народа" школьнікі змогуць праз мастацтва:

"Праз яркія эмацыйныя вобразы можна пранікнуць у сэрца маладога чалавека. І тым самым выратаваць яго ад няведання, няверы і няправільных дзеянняў у далейшым", — упэўнены Давыдзька.

Упершыню выраз "беларускі халакост" прагучаў з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі 3 ліпеня 2021 года на цырымоніі ўскладання вянкоў у мемарыяльным комплексе "Курган Славы". Лукашэнка тады прыгадаў, што габрэі змаглі даказаць "свой" Халакост на ўвесь свет, і цяпер усе схіляюцца перад імі, і, маўляў, яны такія не адны.

У Ізраілі і ў заходніх габрэйскіх выданнях прамова Лукашэнкі выклікала буру абурэння, а самога Лукашэнку ўжо не першы раз абвінавацілі ў антысемітызме. А МЗС Ізраіля назвала выказванне беларускага кіраўніка непрымальным.

Тым не менш ужо ў снежні 2021 года ў Беларусі з'явіўся закон "аб генацыдзе беларускага народа". У ім улічваюцца злачынствы, учыненыя нацыстамі, іх памагатымі і "нацыянальнымі фармаваннямі" у перыяд з 22 чэрвеня 1941-га па 31 снежня 1951-га гадоў на тэрыторыі БССР. "Беларускі народ" у законе — гэта фактычна ўсе грамадзяне СССР, якія знаходзіліся падчас вайны на тэрыторыі БССР. За адмаўленне факта "генацыду беларускага народа" можна сесці ў турму на пяць гадоў, паўторна — на 10-ць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.