Вы тут

Давераным асобам Ціханоўскай у Гомелі далі 24,5 года на чацвярых

Давераныя асобы Ціханоўскай: першы злева Юрый Уласаў, трэці злева Аляксандр Шабалін, далей Дзмітрый Івашкоў, Тацяна Канеўская / svabod1.azureedge.net

4 траўня суд Чыгуначнага раёну Гомеля вынес прысуды па крымінальнай справе давераных асоб Святланы Ціханоўскай

Чатырох чалавек вінавацілі ў "масавых беспарадках" і планах "захопу адміністрацыйных будынкаў".

Як перадае Радыё "Свабода", суддзя Аляксей Хлышчанкоў агучыў наступныя прысуды:

Юрый Уласаў — 6 з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
Таццяна Канеўская — 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму;
Дзмітрый Івашкоў і Аляксандр Шабалін — па 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Адвакаты ў сваіх выступах падкрэслівалі, што няма канкрэтных доказаў віны іх падабаронных, абвінавачанне грунтуецца на домыслах, агульных фразах і відэа. Прычым з відэасюжэту вынікае толькі тое, што 5 жніўня давераныя асобы сустракаліся з Ціханоўскай і абмяркоўвалі розныя варыянты развіцця падзей 9 жніўня і пасля выбараў. Па словах адвакатаў, няма доказаў таго, што іх падабаронныя спрабавалі вербаваць былых сілавікоў і планавалі захапіць адміністрацыйныя будынкі.

У апошнім словае Таццяна Канеўская падзякавала тым, хто піша ёй лісты. Яна сказала, што ніхто не планаваў захоп будынкаў, а ўся справа палітычна матываваная і не абгрунтаваная доказамі.

Юрый Уласаў у апошнім слове казаў, што ўсе яго дзеянні не былі злачынствам, а былі накіраваныя толькі на карысць народу.

Дзмітрый Івашкоў у сваім апошнім слове назваў суд рэпрэсіўным органам і заявіў, быцам прадстаўнікі ўлады забыліся, што такое закон. Ён падкрэсліў, што лічыць прэзідэнтам краіны Ціханоўскую, і закончыў сваю прамову лозунгам: "Жыве Беларусь!".

Большую частку працэсу ў залу не маглі трапіць сябры абвінавачаных і журналісты незалежных СМІ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.