Вы тут

COVID-19 і дрэннае кіраванне: за год стратных кампаній стала на 20% больш

Каб выратаваць стратны БМЗ, Мінфіну давялося прадаваць аблігацыі / belsteel.com

Паводле звестак Белстата, у студзені мінулага года са стратамі працавала 1467 кампаній, а да 1 лютага гэтага года такіх стала ўжо 1760. Гэта 26,9% ад агульнай колькасці арганізацый.

 

У прамысловасці горш за ўсё

Больш за ўсё стратных прадпрыемстваў у прамысловасці (493) і будаўніцтве (294). За імі — аптовы і рознічны гандаль і рамонт аўтамабіляў і матацыклаў. Там 262 стратныя кампаніі. Шмат праблемных прадпрыемстваў у транспартнай дзейнасці, складаванні, паштовай і кур'ерскай сферах — 176. У сельскай гаспадарцы справы таксама не вельмі. Там 153 стратныя вытворчасці.

Пры гэтым сума чыстай страты знізілася на 11,7 мільёна рублёў і склала 728,5 мільёна рублёў. З іх большую частку страт генеруе прамысловасць — 480,8 мільёна рублёў.

Страт у студзені 2021 года атрымалася менш таму, што ў пачатку мінулага года многія працавалі ў мінус праз праблемы з пастаўкамі расійскай нафты, кажа акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.

Нафтавы канфлікт з Расіяй у пачатку 2020 года абярнуўся стратамі для Беларусі / Reuters

— Гэта моцна біла па прыбытку як усёй нафтаперапрацоўкі, так і звязаных з ёй галін — гэта транспарт і аптовы гандаль. Акрамя таго, нельга глядзець толькі на колькасць прадпрыемстваў. Сярод стратных ёсць і сярэднія прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў галінах, якія пацярпелі ад кавіду. Гэта зноў транспарт, рознічны гандаль, сфера паслуг. Іх доля ў эканоміцы менш значная, адпаведна, сума страт стала ўсё ж меншай.

 

Без COVID-19 дрэнныя ўмовы стварае дзяржава

Таксама за месяц крыху паменшылася сумарная запазычанасць прадпрыемстваў. На 1 лютага гэтага года яна склала 157,3 млрд рублёў, што на 0,7% менш, чым 1 студзеня. Але ў параўнанні з 1 лютага мінулага года даўгі прадпрыемстваў павялічыліся на 20,6%.

Старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін кажа, што на стан прадпрыемстваў уплывае як каранавірус, так і нестабільнасць заканадаўства, парушэнне правоў уласнасці і фіскальная палітыка.

— Мы знаходзімся ў крызісе. Эканамічная рызыка працягвае нарастаць, таму павінна быць абвешчана банкруцтва стратных прадпрыемстваў, — падкрэслівае суразмоўнік. — Пагаршае становішча тое, што ў свой час дзяржава перавяла ўсе прадпрыемствы на бухгалтарскі ўлік па адгрузцы, а не па факце атрымання прыбытку. Гэта значыць, тавар адгружаны, выручкі яшчэ няма, але ўжо ўзнікаюць падатковыя абавязацельствы. Далей былі павялічаны фіксаваныя падаткі, што збіраюцца да атрымання рэальнага прыбытку. Гэта падатак на нерухомасць, падатак на зямлю. Вельмі высокія адлічэнні ў ФСАН.

Такая сістэма вымывае абаротныя сродкі ў прадпрыемстваў, а крэдытныя рэсурсы недаступныя.

— Вядома, гэта вельмі зручна дзяржсектару. Калі трэба даць справаздачу аб выкананні паказчыкаў, трэба проста адвезці калону трактароў з Мінска ў Віцебск. Але грошай ад гэтага не з'явілася. А падатковыя абавязацельствы ўзнікаюць. Уводзілася гэта пад выглядам таго, што мы збліжаемся з міжнароднымі стандартамі бухгалтарскага ўліку. Але зрабілі сістэму вельмі зручную для фіскальных органаў і для справаздач дзяржаўных адміністратараў аб росце ВУП.

Навуковы супрацоўнік BEROC Алег Мазаль нагадвае, што тэма стратных прадпрыемстваў актуальная больш за 15 гадоў. Калі не вырашыць праблему іх неэфектыўнага кіравання, то крызіс будзе толькі паглыбляцца.

— Цяпер няма грошай выкарыстоўваць тую самую схему, што раней, калі за кошт бюджэту "дараваліся" даўгі мінулых гадоў. Грошай і не будзе, таму прадпрыемствы з неэфектыўным кіраваннем могуць проста спыніць сваю работу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.