Былая жонка Кальцова лічыць, што з ім здарыўся няшчасны выпадак

Канстанцін Кальцоў

Канстанцін Кальцоў / hcsalavat.ru

Былая жонка Канстанціна Кальцова лічыць, што з ім здарыўся няшчасны выпадак. Яго найбліжэйшыя планы сведчаць, што ён не збіраўся зводзіць рахункі з жыццём, піша "Зеркало".

Былы хакеіст, трэнер зборнай Беларусі загінуў у гатэлі ў Маямі. Яму было 42 гады. З падачы паліцыі распаўсюдзілася версія пра суіцыд.

Былая жонка Кальцова Юлія Міхайлава з дзецьмі жыве ў ЗША (старэйшым сынам Даніілу і Аляксандру 18 і 16 гадоў, малодшаму Стэфану 5 гадоў) і вельмі блізка ад месца, дзе адбылася трагедыя. Паводле яе слоў, апошнім часам з Канстанцінам яна размаўляла мала, бо "ў кожнага сваё жыццё", дзецям ён тэлефанаваў.

Следства ўзяло матэрыялы на таксікалагічныя аналізы, якія будуць гатовыя на працягу месяца. "Цяпер нельга дакладна сцвярджаць, ці быў гэта суіцыд або няшчасны выпадак, — кажа Міхайлава. — ...У нас застаўся стары сямейны камп'ютар з электроннай поштай Канстанціна. Я ведала паролі, і ўдалося адкрыць некаторыя лісты. У Канстанціна былі далей забраніраваныя апартаменты ў іншым месцы. Былі аплачаныя пакупкі, якія яшчэ не прыйшлі. Надоўга арандаваная машына. Гэта значыць ён не збіраўся сыходзіць з жыцця. Усялякае, вядома, можа ў галаве стрэльнуць, але трагедыі нічога не прадвяшчала".

Юлія Міхайлава мяркуе, што Канстанцін Кальцоў быў у нумары на 23-м паверсе адзін, таму версію пра забойства паліцыя адразу адкінула. А версію паліцыі пра суіцыд яна лічыць "здагадкай".

"Хутчэй за ўсё, ён быў вельмі п'яны, — распавядае яна далей. — На жаль, хакеісты часам грашаць гэтым. У нумары, дзе спыняўся Канстанцін, знайшлі пустыя пляшкі з-пад алкаголю. Там быў балкон з відам на акіян. Верагодна, Канстанцін не ўсачыў за сваімі дзеяннямі".

Міхайлава пацвердзіла, што Кальцова збіраюцца пахаваць у Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі