Вы тут

Блогерка Вольга Такарчук абвясціла галадоўку ў карцары

Вольга Такарчук / кадр з відэа

Палітзняволеная блогерка Вольга Такарчук абвясціла галадоўку. Так яна пратэстуе супраць таго, што яе змясцілі ў карцар.

"Яна абвясціла галадоўку праз надуманую падставу для змяшчэння яе ў карцар. Тэрмін 7 сутак, з 7 па 14 чэрвеня. Воля ў цэлым адчувае сябе нядрэнна, але карцар ёсць карцар. З ёй працуе псіхолаг", — расказаў у каментары Радыё "Свабода" яе бацька Андрэй Такарчук

Як распавядала Еўрарадыё, пра тое, што дачка трапіла ў карцар, бацькі даведаліся ў аўторак. Яны спрабавалі перадаць перадачу ў турму ў Жодзіне, а ў іх яе не прынялі. 

Па словах бацькі, Вольгу пасадзілі ў карцар, абвінавацтўшы ў дрэннай прыборцы камеры. "Дачка тлумачыць, што дрэнна пачувалася. Яе звінавацілі, што нібыта дрэнна выцерты пыл. Яна кажа, што выцірала. Таксама ёй сказалі, што яна нібыта не прыйшла па відэльцы, была дзяжурнай па камеры. Воля сказала, што ў яе было расстройства страўніка і яна папярэджвала, яна пайшла ў прыбіральню, а ў гэты час яе прымусілі ісці па відэльцы. Потым у яе скочыў ціск, яна гіпатонік. У яе нармальны ціск 90 на 60, а было 150 на 100. Яна прысела на ложак, і ў гэты час зайшлі ахоўнікі і сказалі, што яна гэтым парушае рэжым", — дзеліцца падрабязнасцямі бацька. 

Ён распавёў са слоў адваката, што блогерка ўжо трэція суткі галадае, не прымае ежу, толькі п’е ваду. 

На Вольгу Такарчук, у якой ёсць двое непаўналетніх дзяцей, пачалі справу па трох крымінальных артыкулах: 391 (абраза суддзі або народнага засядацеля), 188 (паклёп) і 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.