Беларусы замежжа не змогуць прагаласаваць на реферэндуме

Беларусы замежжа не змогуць прагаласаваць на реферэндуме

У Мінску вырашылі, што беларусы замежжа не змогуць прагаласаваць на канстытуцыйным реферэндуме, які прызначаны на 27 лютага. Адкрываць участкі для галасавання пры беларускіх амбасадах не плануецца (прынамсі ўжо больш за траціна пасольстваў дакладна не будзе ствараць участкі, а ЦВК паведамляе, што ўчасткаў у замежжы ўвогуле не будзе), паведаміў у сераду прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз. Паводле яго слоў, прычына і ў недастатковай колькасці персаналу ў некаторых пасольствах (напрыклад, у Літве і Латвіі), у нязначнай колькасці грамадзян, якія знаходзяцца на консульскім уліку, але галоўнае — "клопат пра здароўе" беларусаў замежжа.

"Многія пасольствы і консульствы прынялі рашэнне не падвяргаць рызыцы здароўе супрацоўнікаў і тых, хто галасуе ў сувязі рэзкім змяненнем эпідэміялагічнай абстаноўкі ў краінах знаходжання, цытуе словы Глаза прэс-служба МЗС. — У шэрагу дзяржаў ўзровень клінічна пацверджаных выпадкаў захворвання на новы штам каранавіруса вырас у дзясяткі разоў, уведзеныя жорсткія абмежаванні па перамяшчэнню людзей паміж рэгіёнамі".

Але гэта яшчэ не ўсе прычыны. Прэс-сакратар МЗС РБ кажа, што ў мінулую выбарчую кампанію члены выбаркамаў і работнікі пасольстваў атрымлівалі "шматлікія пагрозы", "наладжваліся правакацыі і акцыі хуліганскага і экстрэмісцкага характару". У жніўні 2020-га — снежні 2021-га на еўрапейскім кантыненце былі здзейснены "больш за 20 актаў агрэсіі ў дачыненні беларускіх дыпламатаў", а таксама "вандалізму з пашкоджаннем будынкаў і маёмасці" (у Вялікабрытаніі, Польшчы, Германіі, Францыі, Бельгіі, Чэхіі, Літве і Украіне). І таму ў мэтах бяспекі ў гэтых краінах вырашылі не ствараць участкі для галасавання.

Беларусам, якія знаходзяцца за мяжой, прапануецца прагаласаваць "па месцы рэгістрацыі ў Беларусі".

На думку праваабаронцаў і назіральнікаў, фальсіфікаваць вынікі выбараў у пасольствах было больш цяжка, чым на радзіме. І не дзіўна, што падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020-га на замежных участках Святлана Ціханоўская перамагла Аляксандра Лукашэнку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі