Беларускі цэментны завод праз санкцыі не можа расплаціцца з банкам

Беларускі цэментны завод / bck.by
Беларускі цэментны завод / bck.by

Беларускі цэментны завод (БЦЗ) звярнуўся ў суд з двума пазовамі да "Беларусбанка". Прадпрыемства прасіла знізіць пеню за нявыплату адсоткаў па крэдыце, бо на іх няма грошай.

Выязны суд прайшоў у Касцюковічах на самім заводзе. Рэпартаж з суда быў апублікаваны ў газеце "Голас Касцюкоўшчыны" 2 сакавіка, але потым яго чамусьці выдалілі. Цяпер ён застаўся толькі ў кэшы, заўважылі журналісты zerkalo.io.

Разглядаў пазовы эканамічны суд Магілёўскай вобласці. Адзін з іх быў наконт рублёвага крэдыту, другі — наконт валютнага. Рублёвы крэдыт завод узяў у 2019 годзе. Прадпрыемства выплочвала асноўны доўг, але ў другой палове 2022-га ўзнікла праблема з адсоткамі.

Цяпер БЦЗ завінаваціўся банку амаль 2,5 мільёна рублёў (амаль 1 мільёна еўра): 2 мільёны 175 тысяч — адсоткі за жнівень-снежань 2022 года, а яшчэ 285 тысяч — пеня за нявыплату адсоткаў. Банк атрымаў выканаўчы надпіс на спагнанне з завода гэтай запазычанасці і пені. Завод жа праз пазоў просіць прызнаць, што выканаўчы надпіс па пені не падлягае выкананню, а суму пені — знізіць на 95%.

Намесніца начальніка дамоўнага аддзела БЦЗ Алеся Укрожанка ў судзе заявіла, што прадпрыемства не можа расплаціцца праз "востры дэфіцыт фінансавых сродкаў". Адной прычынай яна сезонны характар тавару (увосень і ўзімку яго мала купляюць). А другой — "жорсткія санкцыі ў дачыненні да Беларусі". Завод, маўляў, не можа пастаўляць свую прадукцыю ў ЕС, што прывяло да зніжэння продажаў на экспарт.

Суд улічыў "сацыяльную значнасць" завода, гатоўнасць бакоў да мірнага пагаднення аб выплаце запазычанасці па адсотках паводле спецыяльнага графіку, а таксама тое, што часткова завод гэтую запазычанасць ужо выплаціў. У выніку пеню для прадпрыемства знізілі на 95%.

Такі ж вынік быў і ў суда па валютным крэдыце, які БЦЗ атрымаў ад "Беларусбанка".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі