Беларусам стане прасцей памяняць валюту

Валюта

Валюта / Еўрарадыё

Беларусам з 1 лютага стане прасцей памяняць валюту. Банкі змяняюць патрабаванні да знешняга выгляду банкнот — робяць іх больш ліберальнымі, паведамляе Асацыяцыя беларускіх банкаў.

Агульныя правілы абмену валюты для беларускіх банкаў былі ўведзеныя з 1 ліпеня 2023 года. Пасля гэтага многія беларусы сутыкнуліся з праблемамі пры абмене: банкі часам не бралі купюры, якія вонкава не выглядаюць пашкоджанымі і не маюць нейкіх відавочных дэфектаў.

Згодна з новымі правіламі банкі будуць прымаць для абмену банкноты з адным надрывам або надрэзам даўжынёй да 10 мм (замест цяперашніх максімальных 5 мм). Таксама банкі будуць прымаць купюры, на якіх ёсць да чатырох адтулін (праколаў) дыяметрам да 1 мм кожная (цяпер на адной банкноце іх можа быць не больш за тры).

Змяняюцца і патрабаванні па праверцы банкнот у ультрафіялетавых промнях. Цяпер банкі прымаюць на абмен купюры, якія "свецяцца" белым і блакітным колерам, а з лютага — і любым іншым. Праўда, ёсць абмежаванне: такая "святлістая" пляма павінна быць памерам не больш за квадрат з бокам да 30 мм (ці тры квадраты з бокам да 10 мм). Пры гэтым банкнота не павінна рассыпацца і крышыцца.

Варта дадаць, што гэтыя патрабаванні не датычаць расійскіх рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі