БАТЭ перамог “Іслач” у адкладзеным матчы чэмпіянату Беларусі

БАТЭ перамог “Іслач” у адкладзеным матчы чэмпіянату Беларусі

Барысаўскі БАТЭ і сталічная “Іслач” 7 ліпеня згулялі адкладзены матч 9 тура чэмпіянату Беларусі па футболе. Гульня была перанесеная з-за выкліку вялікай колькасці барысаўчан у зборную краіны.

Матч прайшоў на маладзечанскім гарадскім стадыёне і пачаўся з нечакана хуткага гола гаспадароў поля: абаронца “Іслачы” Дзмітрый Макар ужо на 2-й хвіліне прабіў браму гасцей. Аднак на 13-й хвіліне БАТЭ зраўняў лік дзякуючы Аляксандру Валадзько, а ў апошнюю хвіліну першага тайма Віталь Радзівонаў вывеў сваю каманду наперад.

У другой палове гульні Радзівонаў аформіў дубль, прычым адразу, на 46-й хвіліне. Барысаўчане задалі “Іслачы” такі тэмп, што яна змагла хіба толькі не прапусціць новыя галы. У выніку гульня скончылася з лікам 1:3.

Такім чынам, пасля 15 тураў БАТЭ мае 35 ачкоў і лідуе з адрывам у 8 ачкоў ад бліжэйшага канкурэнта — салігорскага “Шахцёра”, які набраў 27 ачкоў. На трэцім месцы — мінскае “Дынама” (26 ачкоў). “Іслач” займае 7-мы радок у турнірнай табліцы вышэйшай лігі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі