Барадач: прапаноўваў увесці батальён і вырашыць пытанне з імпічментам Лукашэнкі

Першы Усебеларускі сход, які склікалі, каб падтрымаць канстытуцыйную рэформу Лукашэнкі / з архіва БЕЛТА
Першы Усебеларускі сход, які склікалі, каб падтрымаць канстытуцыйную рэформу Лукашэнкі / з архіва БЕЛТА

Былы камандзір спецназа, а цяпер палітэмігрант Уладзімір Барадач распавёў, што ў 1996 годзе прапаноўваў спікеру Вярхоўнага Савета 13-га склікання Сямёну Шарэцкаму сілавы спосаб вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі. Парламент тады пачаў працэдуру імпічменту, а Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу ініцыяваў правядзенне рэферэндуму па змене Канстытуцыі. Яго мэта была пераразмеркаваць уладу — узмацніць паўнамоцтвы прэзідэнта.

Барадач узгадвае, як разам з экс-кіраўніком МУС Юрыем Захаранкам аднёс у Канстытуцыйны суд дакументы для прыняцця рашэння аб пачатку працэдуры імпічменту, але пасяджэнне суда так і не адбылося.

"Старшыні Канстытуцыйнага суду Валеру Ціхіню прадʼявілі пікантны кампрамат, і ён зьнік на трое сутак. Я прапаноўваў старшыні ВС Шарэцкаму ўвесьці батальён і вырашыць гэтае пытаньне прасцей, але ён хацеў гэта зрабіць паводле закону", — распавёў Барадач у эфіры Радыё Свабода.

Імпічмент тады праваліўся, нагадаў ён: "пачаўся захоп улады ў краіне: разгон Вярхоўнага Савета і змена Канстытуцыі".

Палітычны крызіс у Беларусі ў 1996 годзе вырашыўся з удзелам расійскіх чыноўнікаў. Яны прыляцелі ў Мінск для пасярэдніцтва ў перамовах паміж Лукашэнкам і Шарэцкім. Аднак дасягнутыя на той сустрэчы дамоўленасці былі сарваныя: вынікі рэферэндуму сталі законам, хоць дамаўляліся, што яны будуць насіць рэкамендацыйны характар.

Прозвішча Барадача згадвалася на нядаўна апублікаваным запісу. Сцвярджалася, што гэта размова супрацоўнікаў КДБ аб ліквідацыі апанентаў улады. Па словах Барадача, ён не можа сцвярджаць, што адзін з удзельнікаў гэтага абмеркавання тагачасны кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў, але гэта можа быць запіс нейкага кіраўніка ў кабінеце КДБ. І "калі звязаць гэты запіс, факты, якія былі да гэтай размовы і пасля, то ўсё супадае", кажа ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі