Банкі шукаюць грошы: стаўкі па "кароткіх" укладах дараслі да 25%

Безадзыўны ўклад па стаўцы 18,5% гадавых на два-тры месяцы — стандартная прапанова​
Безадзыўны ўклад па стаўцы 18,5% гадавых на два-тры месяцы — стандартная прапанова​

З канца жніўня Нацбанк абмежаваў доступ банкаў да сродкаў — перастаў выдаваць ім крэдыты для падтрымкі ліквіднасці. А насельніцтва праз негатыўныя эканамічныя чаканні стала забіраць уклады. Тады банкі пачалі актыўна прапаноўваць кароткатэрміновыя дэпазіты пад высокія працэнты, каб прыцягнуць сродкі ў банкаўскі сектар.

Мы даведаліся, па якіх дэпазітах стаўкі будуць вышэйшыя і дзе ёсць незвычайныя прапановы.

Асабліва актуальныя высокія стаўкі для ўкладаў у беларускіх рублях. Па дэпазітах у замежнай валюце стаўкі практычна не адрозніваюцца ад летніх.

У пачатку жніўня максімальная стаўка па ўкладах у рублях вагалася на ўзроўні 13,5%–13,9% гадавых, а ў доларах — 2,3%.

К канцу кастрычніка ў БТА Банку можна зрабіць безадзыўны ўклад пад 25% гадавых. Сума ўкладання ад 100 рублёў, тэрмін — 32 дні. Аднак ёсць нюанс: адкрыццё такога ўкладу магчымае пры ўмове адначасовага адкрыцця на працягу бягучага банкаўскага дня любога безадзыўнага ўкладу ў валюце. Такі ўклад павінен складаць не менш за $100 тысяч альбо €100 тысяч на тэрмін ад 24 месяцаў.

У іншых банках максімальныя стаўкі па дэпазітах у асноўным знаходзяцца на ўзроўні 17–19%. Звычайна гэта безадзыўныя дэпазіты на тэрмін ад 1 да 3 месяцаў.

— У нас цяпер акцэнт робіцца менавіта на прыцягненне ўкладаў у беларускіх рублях на кароткі тэрмін. Ёсць магчымасць адкрыць безадзыўны ўклад па стаўцы 18,5% гадавых на два-тры месяцы, — расказваюць у прэс-службе Пріорбанка.

Там адзначаюць, што гэта стандартная прапанова на рынку.

— Адзыўныя ўклады, вядома, таксама ёсць, але стаўка па іх будзе меншая, — адзначаюць у банку. Гаворка ідзе пра стаўку 11%. Прыкладна такая ж тэндэнцыя і ў іншых банках.

У Банку Рашэнне мы знайшлі цікавы безадзыўны дэпазіт — ад двух месяцаў — з мінімальнай сумай укладу 5 рублёў пад 20,9% гадавых. Такі дэпазіт можна папаўняць. Тамсама доларавы дэпазіт можна адкрыць, маючы $25. Стаўка — 2,3% гадавых. Тэрмін захоўвання ад 3 месяцаў.

Самы высокі даход па доларавым укладзе можна атрымаць у Белгазпрамбанку. Стаўка там дасягнула 2,75%.

Найбольш высокую даходнасць банкі прапануюць менавіта па кароткатэрміновых рублёвых укладах. Калі ўклад разлічаны на гады, то стаўка можа быць і на дзясятак працэнтаў ніжэйшая. Напрыклад, у Цэптэр Банку прапануюць 23% гадавых па кароткатэрміновым укладзе, але калі вы захочаце зрабіць рублёвы дэпазіт на 390 дзён, то стаўка па ім будзе ўжо 12,05%. Магчыма, гэта звязана з тым, што банк разлічвае, што ў найбліжэйшай будучыні ўсё ж зможа прыцягваць рублі па больш сціплых стаўках, чым 23%.

Як стаўкі будуць змяняцца далей, сказаць складана, адзначаюць у Пріорбанку.

— З прагнозам складана, ведаю, што і мае калегі не любяць прагназаваць, таму што гэтым у нас займаецца Нацыянальны банк, а мы дзейнічаем зыходзячы з яго разлікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі