Баланду будзеце? Як у Беларусі кормяць затрыманых, а як — салдат

Рыгор Азаронак з ежай у ІЧУ (злева) і ў войску (справа) / калаж Еўрарадыё
Рыгор Азаронак з ежай у ІЧУ (злева) і ў войску (справа) / калаж Еўрарадыё

Урад зацвердзіў нормы харчавання зняволеных і затрыманых. У спецыяльнай пастанове пералічаныя прадукты і іх колькасць, якія ў сярэднім павінны атрымліваць "інтэрнаваныя" беларусы.

Еўрарадыё параўнала, чым у Беларусі кормяць затрыманых, а чым — салдат тэрміновай службы. Відавочна, што прыярытэт менавіта на апошніх, але розніца ўжо занадта ашаламляльная.
 

Накарміць хлебам
 

Большую частку энергіі, мяркуючы па ўсім, затрыманыя павінны атрымліваць з хлеба: у дзень ім належыць выдаваць па 450 грамаў. Для параўнання: круп належыць усяго па 100 грамаў на суткі. У салдат, адпаведна, хлеба менш (затое даюць булачку), а круп больш.

Калі мяса (ялавічыны і свініны) салдатам і затрыманым належыць амаль аднолькавая колькасць (110 грамаў супраць 100), то цікавая розніца выяўляецца ў рыбных прадуктах.

Так, салдатам належаць 100 грамаў рыбы без галавы на суткі, а зняволеным — усяго 55 грамаў, дый то з галавой, гэта значыць фактычна яшчэ менш.

У адрозненне ад салдат зняволеных не кормяць маслам — толькі прызнаным шкодным маргарынам. Затое малака або кефіру даваць у ІЧУ і ЦІП павінны чамусьці больш, чым у войску: 125 мілілітраў на суткі супраць 100. Гэта акупляецца адсутнасцю ў турэмным рацыёне тварагу, сыру і смятаны. А вось вайскоўцы могуць парадаваць сябе і гэтымі прадуктамі.

Прыкметная розніца чамусьці і ў колькасці яек: калі затрыманым і арыштаваным належыць дзве штукі на тыдзень, то салдатам — адразу сем.
 

Няма соку, затое ёсць часнок
 

Цукру салдатам чамусьці належыць у два разы больш, чым затрыманым: 60 грамаў. Крыху больш у арміі спажываць павінны і солі: 20 грамаў супраць 15 у тых, хто ў ЦІП і ІЧУ.

У два разы больш салдатам належыць таксама гарбаты і лаўровага ліста. Хоць бульбы, морквы і памідораў затрыманым даюць менш, затое ў іх у рацыёне значыцца на 20 грамаў больш капусты.

Узімку затрыманым належыць часнок, а ў абавязковым пайку для салдат ён і зусім не пазначаны.

Кампенсуючы адсутнасць часнаку, салдатам пры гэтым павінны выдаваць свежую садавіну і сокі. У затрыманых такіх пазіцый у "меню", вядома ж, няма.
 

Салдатам — шмат, затрыманым — самі разумееце
 

Паводле Мінабароны, у рацыёне салдат тэрміновай службы як мінімум 3700 кілакалорый — гэта ў паўтара раза больш, чым павінен спажываць мужчына ў сярэднім. Зразумела, у войску фізічная нагрузка вялікая, таму такое харчаванне можна назваць абгрунтаваным.

А вось ці дацягвае харчаванне затрыманых да жаданых паказчыкаў з пункту гледжання энергетычнай каштоўнасці — вялікі пытанне.

Колькі трацяць на харчаванне? У выпадку з войскам дакладна сказаць немагчыма: Мінабароны праводзіць закупкі цэнтралізавана на катэгорыі прадуктаў, і колькі выдзяляюць на аднаго салдата, невядома.

А вось на харчаванне зняволеных у суткі трацяць да 3,7 рубля. Пры гэтым рахунак ім выстаўляюць потым куды большы — але гэта ў рамках дзейных законаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі