Вы тут

"Атрымалася трохі недарэчна" — Фазель пракаментаваў паездку ў Мінск

Прэзідэнт IIHF Рэнэ Фазэль / Reuters

Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) Рэнэ Фазель сказаў, што хацеў выкарыстаць свае добрыя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам, "каб зрабіць нешта добрае". Ён лічыць, што чэмпіянат свету па хакеі дапамог бы прымірэнню ўлады і апазіцыі.

Пра тое, навошта Фазель паехаў у Мінск да Лукашэнкі на фоне рэпрэсій, якія зладзілі беларускія ўлады сваім грамадзянам, і размоў пра перанос матчаў чэмпіянату свету, кіраўніка Федэрацыі распыталі журналісты швейцарскай тэлерадыёкампаніі SRF.

"Наш чэмпіянат свету павінен стаць свайго роду прымірэннем апазіцыі і ўлады. Мне шкада, калі гэта вядзе да такіх інтэрпрэтацый, што я прымаю тое, што адбываецца, і прымаю рэпрэсіі ў Беларусі. Але я хацеў выкарыстаць асаблівыя адносіны з Лукашэнкам, каб зрабіць нешта добрае", — сказаў Фазель.

У выніку, па яго словах, "атрымалася крыху па-дурному". Ён прызнаўся, што яму "таксама няёмка".

Фазель нагадаў, што ў яго з Лукашэнкам добрыя адносіны ўжо больш за 20 гадоў: яны разам гулялі ў хакей, шмат размаўлялі, у тым ліку ў 2014 годзе, калі ў Беларусі прайшоў першы чэмпіянат свету па хакеі. Збіраючыся ў Мінск гэтым разам, ён разлічваў пераканаць Лукашэнку паслаць сігнал аб тым, што ён гатовы да дыялогу з апазіцыяй.

"Павінен прызнацца: у Мінску гуляў з агнём. І мы крыху абгарэлі", — прызнаўся Фазель.

Па яго словах, ён не адчуваў, што яго выкарыстоўваюць.

"Першы кантакт быў вельмі прыязным. Затым, калі мы выклалі праблемы на стол, усё стала вельмі эмацыйным. З такімі людзьмі звычайна вельмі складана размаўляць", — сказаў Фазель.

Але, пераконвае ён, дзякуючы асаблівым адносінам з Лукашэнкам, яму ўсё ж такі ўдалося перайсці да справы. Кіраўнік IIHF па-ранейшаму перакананы, што не зрабіў нічога дрэннага.

"З дапамогай гэтага чэмпіянату свету мы можам дамагчыся таго, чаго інакш не дасягнуць. Хто ўжо чагосьці дамогся ў Беларусі санкцыямі і байкотамі? Ніхто. Я ідэаліст у спорце, а спорт дазваляе людзям збірацца разам — у яго ёсць гэтая сіла. Трэба шукаць дыялог", — перакананы Фазель.

Падчас візіту ў Мінск кіраўнік Міжнароднай хакейнай федэрацыі абмеркаваў з Аляксандрам Лукашэнкам сітуацыю, якая склалася вакол чэмпіянату свету па хакеі-2021. Турнір павінен прайсці ў траўні-чэрвені ў дзвюх краінах — Беларусі і Латвіі. Аднак пасля гвалту, які ўжыла беларуская ўлада да мірных грамадзян пасля выбараў прэзідэнта, афіцыйная Рыга заявіла, што не бачыць магчымасці праводзіць сумесны чэмпіянат. Шэраг краін загаварылі аб магчымым байкоце турніру, калі матчы пройдуць у Мінску. IIHF плануе абмеркаваць пытанне аб магчымым пераносе чэмпіянату ў канцы студзеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.