Архіепіскап Арцемій — вернікам: "Прыстасавальніцтва — гэта шлях самазнішчэння"

Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій / pokrovgrodno.org
Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій / pokrovgrodno.org

Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій зноў выказаўся наконт сітуацыі ў краіне. Ён гаварыў з людзьмі ў Свята-Пакроўскім саборы Гродна з нагоды Дараванай нядзелі, якую напярэдадні адзначалі праваслаўныя, — казаў пра Бога і пра тое, што чалавек павінен рабіць, каб быць бліжэйшым да яго.

Закрануў Арцемій і абставіны, у якіх цяпер жывуць беларускія праваслаўныя, — каранавірус і агульную сітуацыю ў краіне.

"Цяпер, вядома, вельмі складаныя часы. Пануюць заганы, пануе зло. Гэта ўсё раз'ядноўвае людзей. І грамадскае раз'яднанне, як мы ўсе ведаем, адбываецца. Прычына ў тым, што царства свету гэтага жадае бачыць у царкве толькі ідэалагічна-палітычны апарат, падуладны яе механізму", — сказаў арцыбіскуп.

Але царква, адзначыў ён, — гэта перш за ўсё "Царства Божае на зямлі".

"Ісці шляхам прыстасавальніцтва — гэта шлях самазнішчэння. Уваходзіць у палітыку, уваходзіць у нейкія іншыя праблемы таксама не ўласціва царкве. Але царква не павінная быць абыякавая да ўсяго таго, што адбываецца. Навамучанікі і праведнікі нашага часу заўсёды казалі: "Маўчаннем прадаецца Бог". Быць хрысціянінам — гэта значыць быць крыжаносцам", — падкрэсліў ён.

Змагацца трэба са сваімі заганамі, сваім грахом, але таксама і з грамадскімі настроямі, і з царкоўнымі праблемамі. "Гэта цяжкі крыж, які трэба несці, часам ахвяруючы сабой", — сказаў архіепіскап Арцемій.

У жніўні мінулага года арцыбіскуп Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій аказаўся ледзь не адзіным з ліку найвышэйшых іерархаў БПЦ, хто публічна асудзіў дзеянні сілавікоў. Падчас адной з казаняў ён заявіў, што "мы не гаворым, якая там палітыка, які палітык, якая ўлада. Мы гаворым пра тое, што чыніцца беззаконне. Нашы людзі проста звярэюць і раздзіраюць сваіх жа братоў".

У канцы лістапада мінулага года БПЦ атрымала папярэджанне ад упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. За што было вынесенае папярэджанне, не паведамлялася. Вядома толькі, што мітрапаліт Веніямін у лісце да арцыбіскупа Арцемія прасіў яго ўлічыць, што "ў тэксце атрыманага папярэджання ўказваецца на няўхільны абавязак рэлігійных арганізацый выконваць патрабаванні заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое рэгулюе іх дзейнасць".

Чтобы следить за важными новостями, подпишитесь на канал Еврорадио в Telegram.

Мы каждый день публикуем видео о жизни в Беларуси на Youtube-канале. Подписаться можно тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі