Вы тут

"Апішу табе мае дзіўныя дні": Юлія Слуцкая напісала першы ліст з Валадаркі

Юлія Слуцкая / "Прэс-клуб Беларусь"

З 22 снежня 2020 года медыяменеджар і заснавальніца "Прэс-клуба" Юлія Слуцкая знаходзіцца пад вартай. Ёй прад'яўленае абвінавачанне ў нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК РБ). Праваабаронцы прызналі яе палітвязнем.

Амаль праз месяц пасля затрымання Слуцкай яе дачцэ Аляксандры прыйшоў першы ліст з-за кратаў. Тэкст маці яна апублікавала на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Пра што ж піша Юлія Слуцкая, знаходзячыся ў няволі? З яе ліста можна падрабязна даведацца, як выглядае дзень абвінавачванага ў СІЗА №1 — на Валадарцы.

Сняданак

"Апішу табе мае дзіўныя дні. А 6.00 гучна гучыць кароткая сірэна і ўключаецца верхняе святло. Ужо ў 6.05 праз кармушку падаюцца міскі з кашай. Часцей за ўсё я бяру пустую міску і заварваю там кашы, якія ты мне перадала. Трэба варушыцца, бо ў 6.50 міскі і лыжкі забяруць. На дзень застанецца толькі кубак. Ён такі ж алюмініевы, як міскі і лыжка, і без ручкі. Вусны аб яго апякаюцца, нават калі кава або гарбата ўжо астылі".

"Душ"

"А 8-й раніцы праверка. Да гэтага часу трэба паспець паесці, памыцца, пераапрануцца і прывесці сябе ў парадак. Гэта няпроста, таму што тое самае робяць яшчэ 7 чалавек. Прастора вельмі цесная, і ў нашым распараджэнні адна ракавіна і адна прыбіральня. Таму тут вельмі важна, каб усе дзейнічалі зладжана. Мы навучыліся. Адначасова дзяжурны — адна з нас — прыбірае камеру: падмятаем і мыем падлогу, мыем кубкі, ракавіну і прыбіральню. Дзеўкі прымудраюцца нават паспець нафарбавацца".

Зарадка

"З 9-й да 10-й у мяне першая трэніроўка: размінка, прысяданні, практыкаванні на касыя мышцы, прэс, спіна, расцяжка. Кожны раз дзякую Галіне [мінскі фітнес-трэнер. — Еўрарадыё] за тое, што навучыла мяне. Праўда, многія практыкаванні прыйшлося адаптаваць пад цесную прастору. Некаторыя даводзіцца рабіць проста на нарах".

"Кабінетныя справы" або шпацыр

"Далей, да 13.00, у будныя дні могуць вадзіць у кабінеты — да адвакатаў або следчых. Часам водзяць на шпацыр. На жаль, мы ходзім вельмі рэдка. Таму што выводзяць толькі ўсёй камерай, а дзеўкі лічаць, што на вуліцы сыра і яны ад гэтага могуць захварэць.

Раскажу пра шпацыр: гэта зусім не падобна да шпацыру ў турмах у амерыканскіх фільмах. Кожную камеру выводзяць у асобны маленькі бетонны дворык-калодзеж. Відаць толькі неба зверху, і калючы дрот. Там зусім няма месца для таго, каб парухацца ці пабегаць. І калі ідзе дождж — у гэтых бетонных калодзежах сапраўды сыра. Але я ўсё роўна гуляла б кожны дзень, калі б была мая воля. Стараюся бегаць на месцы, скакаць, прысядаць".

Абед

"А 13.00 — абед. Я ем толькі суп з хлябцом — той, што ты перадала мне, або турэмны. На дэсерт — яблык".

Чытанне

"З заняткаў у мяне: чытанне (атрымалася заказаць у бібліятэцы аж 2 кнігі). Яшчэ тут, у камеры, ёсць Карнегі "Як перастаць турбавацца і пачаць жыць". Гадзіну ў дзень чытаю яго. Гэта, вядома, прапісныя ісціны, але дапамагае наладзіцца. Яшчэ ў камеры ёсць гутарковая граматыка англійскай мовы. Стараюся праходзіць па 2-3 урокі ў дзень. Ну і лісты, вядома. Пішу кожны дзень, хоць пакуль у мяне адчуванні, што лісты ідуць у космас. Таму што адзінае, што я атрымала, — гэта тваю тэлеграму".

Вячэрнія "забавы"

"З раніцы да вечара тут уключаны тэлевізар. У асноўным БТ. На сваёй шкуры адчула тое, што і так добра ведала: не маючы інфармацыі з іншых крыніц, цалкам немагчыма ўявіць сабе, што ж адбываецца на самай справе. І нават цвёрда ведаючы, што нешта адбываецца, — здаецца, што гэта не так. Здаецца, што вакол цішыня ды любата, і толькі нас ізалявалі, як шкодных для гэтай любаты суб'ектаў.

Яшчэ з забавак — мае дзеўкі-суседкі. Яны ўвесь час дурэюць і сваволяць. То крыўляюцца, то танчаць, то адна адну пацвельваюць, то спяваюць караоке разам з тэлекам. Спачатку мне было цяжка. Але цяпер я разумею, што гэта, хутчэй, адцягвае ўвагу і забаўляе.

А 18.00 вячэра, а 22.00 адбой. Яркае святло і тэлевізар вырубаюцца, і можна застацца з сабой сам-насам".

***
 

Юлія Слуцкая ў журналістыцы з 1994 года. У 1997-м яна стала галоўным рэдактарам "Комсомольской правды в Беларуси". Пасля сыходу з "Комсомолки" ў 2006 годзе Слуцкая ўзначаліла рэдакцыю Еўрарадыё. У 2010-м арганізоўвала медыйную працу для грамадскага руху "Гавары праўду", які вылучыў кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах Уладзіміра Някляева. "Прэс-клуб Беларусь" пад яе кіраўніцтвам запрацаваў у канцы 2015 года. З лекцыямі і трэнінгамі тут выступалі вядомыя аналітыкі, журналісты, даследчыкі медыя.

Акрамя Юліі Слуцкай, за кратамі ў Беларусі цяпер знаходзяцца яшчэ 9 журналістаў: Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова, Кацярына Барысевіч, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі, Пётр Слуцкі, Ксенія Луцкіна, Андрэй Аляксандраў, Юрый Дзяшук. Большасць з іх прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Усяго палітвязняў на сённяшні дзень у Беларусі — 189 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.