Вы тут

Амбасадарка ЗША: Лукашэнка не міратворац. А санкцыі ў абмен на збожжа не здымуць

Джулі Фішэр у студыі Еўрарадыё

Еўрарадыё: Цяпер мы знаходзімся ў нашай студыі ў Варшаве, і маё першае пытанне такое: як вы думаеце, калі мы зможам паразмаўляць у Мінску ў рэдакцыі нашага радыё?

Джулі Фішэр: Гэта выдатнае пытанне. Калі б гэта залежала ад мяне, мы б сёння вялі гэтую размову ў Мінску. Я была б у Минску. Вы былі б у Мінску. І кожны, хто хацеў бы паразмаўляць пра будучыню Беларусі і пра тое, што народ Беларусі мае права голасу ў вызначэнні гэтай будучыні, змог бы выказацца. На жаль, цяпер (і вы ведаеце гэта не горш за мяне) надышлі неверагодна цяжкія часы для выказвання незалежных поглядаў. Таму магчымасць правесці гэтую размову ў Варшаве — добрая альтэрнатыва.

Еўрарадыё: Як вы думаеце, якую ролю Беларусь і падзеі апошніх двух гадоў, ад пратэстаў да рэпрэсій, іграюць для Злучаных Штатаў? І ў цэлым я гэта пытаю, таму што цяпер ідзе вайна ва Украіне. І мне здаецца, беларускія падзеі цяпер знаходзяцца ў цені.

Джулі Фішэр: Вы ведаеце, пытанне пра тое, як выглядае Беларусь пасля двух гадоў неверагоднага, працяглага палітычнага крызісу і цяпер у кантэксце вайны, сапраўды важнае. Гаворачы пра Вашынгтон, магу запэўніць, што мы абсалютна дакладна трымалі Беларусь у полі нашага зроку і ўважліва сачылі за тым, што адбываецца. Вы, напэўна, памятаеце паслядоўныя заявы Вашынгтона, як да вайны, так і пасля яе, пра злоўжыванні, карупцыю рэжыму. Мы заклікалі рэжым вызваліць 1200 палітычных вязняў, патрабавалі адказаць за гэтыя злоўжыванні. Таксама, з пачатку вайны, мы імкнуліся наўпрост заклікаць рэжым да адказнасці за ягоную ролю ў садзейнічанні вайне Расіі супраць Украіны. Вы ведаеце, што Лукашэнка дазволіў Расіі выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для запуску ракет, для забеспячэння сваіх наступальных сіл, для лячэння сваіх параненых, для забеспячэння адпачынку і аднаўлення сіл тых, хто нясе адказнасць за масавыя забойствы ва Украіне. І мы вельмі дакладна давалі зразумець да вайны і з яе пачатку, што будзем патрабаваць ад рэжыму адказаць за гэта.

У той жа час, мы неаднаразова назіралі неверагоднае жаданне народа Беларусі быць пачутым як у сувязі з выбарамі 2020 года, гвалтам і рэпрэсіямі, якія рушылі за імі, так і ў сувязі з ужываннем им інструментаў транснацыянальнага гвалту, які выкарыстоўваў Лукашэнка ў выпадку з крызісам мігрантаў і бортам Ryanair. І мы чулі галасы беларусаў. Мы ведалі іх погляды, іх волю, іх намеры, якія выказваюцца з самага пачатку гэтай вайны. Няма ніякага сумневу, што народ Беларусі абсалютна супраць гэтай вайны. І я думаю, вельмі важна, каб Злучаныя Штаты, каб мы бачылі розніцу паміж народам Беларусі і рэжымам, які трымае ўладу.

Еўрарадыё: Дзякуй за гэта і за падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі. Я хацеў бы таксама спытаць, як афіцыйныя асобы ў Вашынгтоне бачаць выхад з вайны ва Украіне. Ці лічаць яны, што праблема паміж Расіяй і Украінай можа быць вырашаная без зменаў у Беларусі?

Джулі Фішэр: Я думаю, што для Злучаных Штатаў пытанне аб спыненні расійскай вайны ва Украіне стаіць асабняком. Спыненне вайны, якую вядзе Расія, аказанне дапамогі Украіне ў яе высілках для абароны сваёй тэрыторыі, для абароны сваёй ідэнтычнасці, для абароны свайго народа з'яўляюцца важнымі. Я спадзяюся, што вы і вашыя гледачы разумееце, наколькі глыбока адданыя гэтаму Злучаныя Штаты. Больш за 40 мільярдаў долараў ЗША працуюць у падтрымку Украіны на дадзены момант, дазваляючы ёй атрымаць зброю для абароны. Па сутнасці, мы лічым, і я думаю, што мы падзяляем меркаванне нашых еўрапейскіх партнёраў і калегаў, што гэтая прыхільнасць абсалютна неабходная, бо Крэмль спрабуе перапісаць вынікі “Халоднай вайны”.

Я лічу, што барацьба ў Беларусі наўпрост звязаная з гэтым, але таксама яна відавочна адрозніваецца ад таго, што адбываецца ва Украіне. Мы бачым лідара, адарванага ад народа, які не прадстаўляе народ, бо народ яго не выбіраў. І ён быў гатовы гандляваць суверэнітэтам і незалежнасцю Беларусі на працягу ўсіх гадоў свайго ўладаранння, каб захаваць сваю ўладу. Таму, калі перад ім паўстаў выбар — выбраць незалежную Беларусь, выбраць народ Беларусі і яго будучыню, выбраць квітнеючую Беларусь ці не, ён заўжды рабіў крок у бок і выбіраў сябе. А ўвогуле я думаю, што пытанне свабоды Беларусі наўпрост звязанае са здольнасцю Украіны выйграць гэтую вайну.

Еўрарадыё: Хто для вас Лукашэнка? У гэтай сітуацыі ён хутчэй агрэсар, які падтрымлівае расійскае ўварванне ва Украіну, ці міратворац, як ён сам кажа пра сябе?

Джулі Фішэр: Для Злучаных Штатаў няма ніякіх сумненняў наконт ролі, якую адыграў Лукашэнка. Ён суагрэсар. Ён спрыяў Расіі, незалежна ад таго, прасілі яго пра гэта ці не. Я не ведаю. Я не ведаю, ці быў ён здольны прымаць рашэнні ў гэтым дачыненні. Але ён спрыяў расійскім вайскоўцам. Поўны пропуск у Беларусь для выкарыстання яе тэрыторыі. І гэта частка той неймавернай залежнасці, у якой ён цяпер знаходзіцца. Дакладна гэтаксама, як ён адвярнуўся ад свайго ўласнага народа, ён ізаляваў Беларусь ад яе суседзяў і ад Захаду. Ён поўнасцю, цалкам залежыць ад Масквы. Такім чынам, ён не ў стане забяспечыць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі ў будучыні. І яго роля ў гэтай вайне гранічна ясная.

Еўрарадыё: Добра, можа быць, апошняе пытанне. Яно пра санкцыі. Як вы ацэньваеце магчымасць зняцця санкцый з Беларусі ў абмен на нейкі "транспартны калідор" для ўкраінскага збожжа?

Джулі Фішэр: Вы ведаеце, гэта сапраўды важнае пытанне, таму што праблема харчовай бяспекі ў свеце мае вырашальнае значэнне ў цяперашні момант. Што да Злучаных Штатаў, то мы, безумоўна, заняліся рашэннем крызісу харчовай бяспекі, з якім сутыкаецца свет. Мы зрабілі гэта прыярытэтам. У мінулым месяцы Злучаныя Штаты правялі ў Нью-Ёрку канферэнцыю па пытаннях харчовай бяспекі. Мы правялі спецыяльнае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН, на якім было заяўлена, што існуе відавочны і вельмі выразны спосаб вырашэння сусветнай праблемы харчовай бяспекі, і гэта спыненне Расіяй яе вайны. Акрамя гэтага рашэння, пытанне пра тое, як мы можам дапамагчы даставіць украінскае збожжа на рынак, — гэта пытанне, якое мы, зноў жа, разам з нашымі партнёрамі ў Еўропе, разглядаем з усіх магчымых пунктаў гледжання, каб дапамагчы даставіць гэта ўкраінскае збожжа на рынак. І таму, што яно нам трэба, каб накарміць свет, і таму, што ва Украіны ёсць яшчэ збожжа, якое паступіць у продаж, і таму, што гэта важна для здольнасці Украіны працягваць сваю барацьбу. Таму мы ясна далі зразумець, што разгледзім усе магчымыя варыянты.

Але, па сутнасці, інструменты санкцый і інструменты эканамічнага ціску, якія мы ўжылі ў дачыненні да Беларусі, маюць вельмі канкрэтную мэту, якая яшчэ не была дасягнутая. І нашы санкцыі глыбока звязаны з пытаннем аб палітычных зняволеных у Беларусі. Так што для кожнага ў Мінску, хто шукае выхад з гэтага санкцыйнага ціску, для кожнага, хто шукае спосаб знайсці нейкую эканамічную палёгку, адказам будзе вызваленне палітычных зняволеных.

Еўрарадыё: Недвухсэнсоўнае пасланне. І дзякуй вам за гэта. І дзякуй вам за гэтае інтэрв'ю.

Джулі Фішэр: Мне вельмі прыемна быць тут. Вялікі дзякуй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.