Ад "праз год" да апошняга амапаўца: што Лукашэнка кажа пра тое, калі сыдзе

Аляксандр Лукашэнка / TUT.by
Аляксандр Лукашэнка / TUT.by

Са жніўня 2020 года, пасля пачатку пратэстаў у Беларусі, Аляксандр Лукашэнка стаў усё часцей гаварыць пра свой сыход. І, трэба сказаць, за гэтыя апошнія месяцы яго пазіцыя сур'ёзна змянілася. Спачатку ён нават называў канкрэтныя тэрміны — а цяпер называе ўмовы, якія наўрад ці калі-небудзь могуць быць выкананыя.

17 жніўня, выступ перад работнікамі МЗКЦ. Год-два і рэформа Канстытуцыі

Праз тыдзень пасля выбараў — і на наступны дзень пасля шматтысячнага мітынгу яго праціўнікаў — Лукашэнка агучыў адразу некалькі версій свайго сыходу:

— Слухайце, я чвэрць стагоддзя ва ўладзе. Колькі можна, вядома, я некалі сыду. Можа, праз год ці праз два — гэта залежыць ад вас.

— Выносім на рэферэндум [пытанне рэформы Канстытуцыі], прымаем Канстытуцыю, і я вам па Канстытуцыі свае функцыі перадам. Але не пад ціскам і не праз вуліцу.

— Пакуль вы мяне не заб'яце, іншых выбараў не будзе.

8 верасня, у інтэрв'ю расійскім СМІ. Рэформа Канстытуцыі

— Так, магчыма, я трохі пераседзеў. Магчыма, мяне паказваюць не толькі з тэлевізара, але з праса і чайніка. Але толькі я цяпер магу абараніць Беларусь.

— Я так проста не сыду. Я чвэрць стагоддзя ўладкоўваў Беларусь. Проста так усё гэта не кіну. Да таго ж, калі я сыду, маіх прыхільнікаў будуць рэзаць! Мы гатовыя правесці рэформу Канстытуцыі, пасля гэтага не выключаю датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў.

30 кастрычніка, выступ перад супрацоўнікамі МУС. Не дачакаецеся

— Ды не дачакаецеся [пра сыход з палітыкі]! Гэта не значыць, што я буду пасінелымі пальцамі, як казаў, трымацца за гэта крэсла. Не. Палітыка — гэта не толькі прэзідэнт. Мы з вамі рана ці позна сыдзем з гэтых пасад, але мы не сыдзем ад захавання таго, што мы цяпер збераглі.

От “через год” до последнего омоновца: что Лукашенко говорит про то, когда уйдёт
Аляксандр Лукашэнка наведвае супрацоўнікаў АМАП / Пул первого

13 лістапада, сустрэча з журналістамі з Расіі, Украіны, Малдовы і Казахстана. Проста сыду, калі трэба

— Не, раптам я не адмоўлюся [ад прэзідэнцкіх паўнамоцтваў], я проста, калі трэба, сыду з гэтай пасады. Навошта раптам? Раптам — гэта небяспечна.

— Ніякіх пераемнікаў. Каго народ выбера, так і будзе. Я пакляўся. Я паабяцаў, што будзе так, як вырашыць беларускі народ.

16 снежня, сустрэча з медыкамі ў Магілёве. Апошні амапавец і лекар

— Абяцаю вам, усё будзеце вырашаць вы. Нікому не верце, што Лукашэнка там Канстытуцыю пад сябе робіць... Але ніхто не павінен думаць, што Лукашэнка рукі склаў і ўсё: ён ужо ўсё кінуў і сышоў. Пакуль апошні амапавец і лекар сапраўдны не скажа: "Усё, Лукашэнка, ты сваю справу зрабіў", да таго часу я буду біцца за гэту краіну. У мяне больш, акрамя яе, нічога няма.

30 снежня, візіт на базу мінскага АМАПа. Апошні амапавец

— Пакуль апошні амапавец мне не скажа "сыходзь", я буду наглуха стаяць у гэтай краіне з вамі плячо ў плячо. І ў вас (супрацоўнікаў АМАПа), і ў мяне, акрамя гэтай краіны, нічога няма.

5 студзеня, сустрэча на заводзе "Гарызонт". Толькі выбары

— Калі вам не падабаецца цяперашні прэзідэнт, то толькі выбары могуць вырашыць гэта пытанне. Толькі выбары. Я гэта кажу, як бы камусьці не падабалася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі