19% беларускіх прадпрыемстваў працуюць са стратамі: гэта вельмі дрэнна?

Беларускі цэментны завод / ААТ "Беларускі цэментны завод"
Беларускі цэментны завод / ААТ "Беларускі цэментны завод"

А ўсяго са стратамі або з рэнтабельнасцю, блізкай да нуля, працуе больш за 60% беларускіх прадпрыемстваў.

Паводле свежых звестак Белстата, колькасць стратных беларускіх прадпрыемстваў у студзені — ліпені 2020 года павялічылася на 27,5% у параўнанні з мінулым годам. Цяпер іх у Беларусі 19% — а ў 2019-м было 14,9%.

Жанна Тарасевіч, дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М. С. Куняўскага, ацэньвае сітуацыю са стратнымі прадпрыемствамі ў Беларусі як сур'ёзную.

— Акрамя росту стратных прадпрыемстваў, мы павінны разумець, што прадпрыемствы з рэнтабельнасцю ад 0 да 5% складаюць каля 42-43%. Гэта амаль прадпрыемствы са стратамі, бо з улікам інфляцыі ў 5% рэнтабельнасць будзе нулявая або адмоўная, — кажа кіраўнік БСПН.

Рэаліі цяперашняй беларускай эканомікі такія, што больш за 60% беларускіх прадпрыемстваў працуе са стратамі або з рэнтабельнасцю, блізкай да нуля.

Старшыня ГА "Беларускі саюз прадпрымальнікаў" Аляксандр Калінін дадае, што работа з вельмі нізкай рэнтабельнасцю характэрная для дзяржпрадпрыемстваў.

— Калі прадпрыемства паказвае рэнтабельнасць 0,5%, яно не лічыцца стратным. У дзяржсектары такая тэндэнцыя. Галоўнае — не паказаць страт. Калі ты працуеш у нуль і праядаеш сродкі, гэта не караецца, — кажа Аляксандр Калінін.

Больш за ўсё стратных арганізацый у студзені — ліпені было ў Мінску — 22,3%. Менш за ўсё — у Гомельскай вобласці — 13,2%.

Сярэдняя сума страты на адну арганізацыю склала 3,6 млн рублёў і павялічылася ў параўнанні са студзенем-ліпенем 2019 года ў 4,9 раза. Самая горшая сітуацыя ў Гродзенскай вобласці. Там страты ў сярэднім на арганізацыю складаюць 14,1 млн рублёў. Менш за ўсё страт панеслі прадпрыемствы ў Віцебскай вобласці — 1,6 млн рублёў.

Горш за ўсё грамадскаму харчаванню і гатэлям

19% белорусских предприятий работают с убытками: это очень плохо?
Стратных арганізацый у сферы паслуг па часовым пражыванні і харчаванні 62,4%

Па галінах больш за ўсё стратных арганізацый у сферы аказання паслуг па часовым пражыванні і харчаванні — 62,4%, і ў ахове здароўя і сацыяльных паслугах — 47%. За імі транспарт — 26,7%. Усё гэта наступствы пандэміі каранавіруса. Хоць каранцін у Беларусі абвешчаны не быў, кліентаў стала менш, цягнікі сталі хадзіць радзей, а самалёты — радзей падымацца ў паветра.

— Моцна знізіўся паток кліентаў, але расходы засталіся прыкладна такія ж. За арэнду і камунальныя паслугі трэба было гэтаксама плаціць, — гаворыць Аляксандр Калінін пра сферу медпаслуг. У разгар COVID-19 адмянілі планавыя абследаванні і стараліся не наведваць медыцынскія ўстановы без моцнай неабходнасці.

— У Беларусі досыць магутны недзяржаўны сектар аховы здароўя з абаротам 2-3 мільёны долараў экспарту паслуг. Ён цалкам лёг, бо замежнікаў не было.

Менш за ўсё стратных прадпрыемстваў у студзені — ліпені было ў сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы — 7,8%, горназдабыўной прамысловасці — 8,3%, і прафесійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасці — 9,7%.

Эксперты адзначаюць, што зніжэнне колькасці стратных прадпрыемстваў у сельскай гаспадарцы тлумачыцца сезоннасцю галіны, добрым ураджаем і... дзярждатацыямі. Назваць дакладна працэнт сельгасарганізацый, якія паказалі б страты, калі б дзярждатацый не было, па гэтай статыстыцы немагчыма.

Даўгі растуць

19% белорусских предприятий работают с убытками: это очень плохо?
realt.by

Сумарная запазычанасць прадпрыемстваў на 1 жніўня склала 148,4 млрд рублёў і павялічылася ў параўнанні з 1 студзеня на 11,7%. З іх крэдыторская запазычанасць кампаній на 1 жніўня дасягнула 58,3 млрд рублёў. Калі параўноўваць з лічбай на 1 студзеня, яна павялічылася на 7%. Яшчэ 90 млрд рублёў — запазычанасць па крэдытах і пазыках. Яна павялічылася на 15% у адносінах да студзеня.

Дэбіторская запазычанасць склала 46,9 млрд рублёў. Яна павялічылася на 13,5% пры росце індэкса цэн вытворцаў прамысловай прадукцыі за гэты перыяд на 4,3%.

Бізнес у дэпрэсіі

— У канцы ліпеня БСПН рабіў апытанне, згодна з вынікамі якога каля 80% рэспандэнтаў сказалі, што аднаўляць сваю работу ад першай хвалі COVID-19 ім давядзецца на працягу паўгода, — расказвае Жанна Тарасевіч.

Ускладняюць сітуацыю нестабільнасць курса рубля і адсутнасць доступу да фінансавых рэсурсаў праз праблемы ў банкаўскім сектары.

— Пачалася другая хваля COVID-19. Праз гэта можна забыцца пра турысцкія патокі, якія мы стараліся напрацаваць гадамі. З іншага боку, палітычная нестабільнасць, якая таксама моцна ўплывае на бізнес, — падкрэслівае Аляксандр Калінін.

На думку апытаных экспертаў, колькасць стратных прадпрыемстваў будзе расці, у тым ліку гэта адаб'ецца ў статыстыцы па трэцім квартале праз каранавірус, зніжэнні плацежаздольнасці насельніцтва і страты мінулых гадоў, якія пераносіліся ў бухгалтарскім уліку ў будучыя перыяды.

— У нас праблемы і з рынкамі збыту, бо ўся сусветная эканоміка скарацілася. Пастаўляць прадукцыю на экспарт стала нашмат цяжэй, чым гэта было ў 2019 годзе, — кажа навуковы супрацоўнік BEROC Марыя Акулава. — Нашмат складаней стане дзяржкампаніям, бо для іх падтрымкі звычайна прыцягваліся замежныя сродкі. У цяперашніх умовах, калі інвестыцыйныя рызыкі выраслі ў разы, атрымаць грошы будзе складана. Плюс незразумела, дзе іх браць, акрамя як у Расіі. Больш ніхто не захоча інвеставаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі