Зніклы ў Крыме мінчук страціў памяць?

Родныя Арсенія Волка не выключаюць такой магчымасці. Сябры збіраюцца звярнуцца ў тэлепраграму “Чакай мяне”, а бацькі аб’явілі пра грашовае ўзнагароджанне памерам 5 тысяч долараў. Прайшло ўжо 23 дні, як Арсеній пайшоў на прагулку ў горы і не вярнуўся. Яго дзяўчына на наступны дзень звярнулася ў міліцыю, але да яе заявы паставіліся несур’ёзна: сказалі, што хутка аб’явіцца. Толькі на шосты дзень крымская міліцыя пачала шукаць беларускага турыста. За некалькі дзён да трагедыі маці Арсенія Ала Генадзьеўна пачала сніць дзіўныя сны.

Ала Волк: Зараз я разумею, што гэта былі дрэнныя знакі – вось яно і здарылася нешта нядобрае. Цяпер сяджу і малюся. Яшчэ ў царкву хаджу.

Пасля таго, як сын знік, Ала пачала сніць сны пра яго месцазнаходжанне. Жанчына ўпэўнена, што сын не ў гарах, а недзе ў даліне. Магчыма, яна зарасла дзікім кустоўем.

Агенцтва БЕЛТА паведамляла, што хлопца шукаюць каля 100 чалавек (прадстаўнікі МНС, праваахоўнікі, леснікі). Ала Волк лічыць гэту лічбу завышанай. Увогуле, праз тыдзень крымская міліцыя перастала весці пошук, а вось бацька хлопца, яго дзяўчына, родныя і сябры, якія спецыяльна для гэтага прыехалі з Беларусі, не прыпыніліся шукаць Арсенія ні на дзень. Усе вераць, што з ім не здарылася нічога дрэннага, але маці вырашыла звярнуцца да астролага.

Ала Волк: Мы і з астролагам звязваліся, і ён кажа, што сын жывы.Але разумееце, усё пакрыта нейкай цемрай, і пакуль няма нічога канкрэтнага. Можа, ён ужо ў Расіі, хто ведае.

Адна з асноўных версій у родных, чаму хлапца да гэтага часу нельга адшукаць, – страта памяці. Родныя развешвалі аб’явы, фатаграфіі, каб хоць неяк прасунуцца ў сваім пошуку, але пакуль усё безвынікова. Учора бацька Арсенія і іх сваяк вярнуліся з Крыму і ўжо з Мінску будуць сачыць за падзеямі. Але застаецца адна надзея – перадача “Чакай мяне”.

Упраўленнем дазнання ГУУС Мінгарвыканкаму ўжо распачата крымінальная справа. Праз 2-3 дні будзе дакладна вядома, як далей арганізуюць пошук. Меркаванне Алы Волк, што ў Крым адправяцца супрацоўнікі МНС, у міліцыі Еўрарадыё абвергнулі – магчыма, туды паедуць беларускія праваахоўнікі.

Днямі бацькі аб’явілі пра грашовае ўзнагароджанне ў памеры 5 тысяч долараў за любую дакладную інфармацыю аб месцазнаходжанні іх сына.


Фота — **TR.iPod

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі